Як вучні сталі настаўнікамі


У нашай установе стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць дзень вучнёўскага самакіравання, прысвечаны прафесійнаму святу настаўнікаў. Не выключэннем быў і гэты год.


У пятніцу, 3 кастрычніка, вучні старэйшых класаў прыйшлі ў школу ў якасці настаўнікаў. Па загадзя падрыхтаваных планах яны праводзілі ўрокі. Адзінаццацікласніца Кацярына Смальцар заняла пасаду дырэктара, а яе намеснікам па вучэбна-выхаваўчай рабоце стала Вікторыя Аблецова.


Новыя педагогі дапамагалі дзецям атрымліваць веды па розных прадметах.


Вучні пачатковых класаў падрыхтавалі для настаўнікаў шчырыя віншаванні, якія адрасавалі ім пасля другога ўрока. А ў 18.30 пачаўся прысвечаны святочнай даце вечар адпачынку. На ім зноў гучалі віншаванні — у форме песень, вершаў, танцаў. Нашы настаўнікі змаглі паўдзельнічаць у конкурсах і таксама адчуць сябе дзецьмі.


Такая форма работы – добрая магчымасць для нас, вучняў, апрабаваць на сабе адказнае і пачэснае званне педагога. Магчыма, для кагосьці яна стане першым крокам на шляху асэнсаванага выбару сваёй будучай прафесіі.


Члены гуртка “Школа маладога карэспандэнта” Мікуліцкай СШ


На здымку: шчырыя віншаванні настаўнікам – ад вучняў пачатковых класаў.



Пакінуць адказ