Заключыў дагавор — выканай!


Яшчэ ў савецкія часы амаль кожная вясковая сям’я кармілася з уласнага падворку. Карова, свінні, куры, гусі, качкі, індыкі… Уся гэтая жыўнасць – звычайная з’ява. Ды яшчэ і вялікі агарод, на якім вырошчвалася ўсё самае неабходнае. Так павялося спрадвеку, што карова заўсёды была карміцелькай. Хапала малочнай прадукцыі і сабе, і на продаж. Раніцой, калі вёска яшчэ цалкам не абуджалася ад сну, у адпаведны час ехаў з падводай малаказборшчык. Яго чакалі амаль ля кожнага падворку. А хіба можна параўнаць малако, смятану, масла ад уласнай каровы з магазінным? Аднак многія з вяскоўцаў цяпер аддаюць перавагу купленаму. Збыў карову – і клопатаў менш. На жаль, з кожным годам усё менш і менш застаецца іх на падворках. Старэе вёска, пенсіянеру ўжо не пад сілу трымаць карміцельку.


Усяго ў грамадскім сектары на сённяшні дзень налічваецца 1034 каровы, іх уладальнікамі прададзена дзяржаве 853276 кілаграмаў малака. Нязменным лідэрам у арганізацыі закупу малака вось ужо на працягу многіх гадоў застаецца сельгаспрадпрыемства “Брагінка”. Летась тут у разліку на адну карову больш за ўсіх закуплена малака. За гэта гаспадарка і Вуглоўскі сельскі Савет атрымалі ад ПУП “Палескія сыры” каштоўныя падарункі – камп’ютэры, а лепшыя малаказдатчыкі – мікрахвалёвыя печы.


І зараз не здае сваіх пазіцый КСУП “Брагінка”, дзе закуплена на карову 2215 кілаграмаў малака. Больш чым па тысячы кілаграмаў на карову набылі ад вяскоўцаў яго ў КСУП “Брагінскі”, імя Жукава, «Малажынскі», “Саўгас “Краснае”. А вось у КСУП “Пераможнік” – толькі 400 кілаграмаў.


Прадаваць малако з асабістых падворкаў – гэта яшчэ ўмець патрэбна. Рэдка хто дасягае такой высокай планкі, як Тамара Іванаўна Дубіна з Новага Пуці. Яна трымае ў сваёй гаспадарцы дзве каровы. Як лічыць жанчына, здаваць прадукцыю дзяржаве цяпер выгадна. Закупачная цана на малако значна павысілася. Ды і кожныя дзесяць дзён у сям’і прыбытак. За месяц набягае добрая капейка.


На сённяшні дзень закуплена з асабістых падворкаў 407 галоў буйной рагатай жывёлы і 390 — маладняку. Лепш за ўсіх наладжана гэта работа ў КСУП “Чамярыскі”, дзе атрымалася закупіць па 136 галоў. 117 і 112 галоў жывёлы адпаведна набылі ў насельніцтва ў КСУП “Малажынскі”.


Адным словам, у тых гаспадарках, дзе заахвочваюць людзей, і вынікі адпаведныя. На жаль, сустракаюцца і такія выпадкі, калі ўмовы заключаных дагавораў не заўсёды выконваюцца.Часам гаспадар сам-на-сам застаецца са сваімі праблемамі. Напрыклад, не заўсёды выдзеляецца сена, а пенсіянерам нялёгка яго нарыхтаваць. Таму гаспадары, не знайшоўшы падтрымкі, збываюць кароў, а часцей – маладняк. У асноўным за межы раёна. Камерсант сам і пагрузіць жывёлу, і грошы аддасць адразу. Як разлічыцца і за яблыкі, і за бульбу…


І ўсё ж, у чым прычына таго, што аб’ёмы пастаўляемай з уласных падворка прадукцыі змяншаюцца? Адказ адназначны: у незацікаўленасці кіраўнікоў гаспадарак і сельскіх выканкамаў. Патрэбна дайсці да кожнага дома, кожнага чалавека, каб стварыць умовы для развіцця падворка.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Пакінуць адказ