МІЛАСЭРНАЙ ДУШЫ ПРЫГАЖОСЦЬ

Общество

5  студзеня –  Дзень  работнікаў  сацыяльнай  абароны



Аб тым, што чалавецтва цалкам пазбавіцца ад злосці, зайсдрасці, нікчэмнасці… адным словам, у корані зменіцца, пакуль можна толькі марыць. Але як прыемна, калі побач з намі жывуць і працуюць людзі, якія робяць усё, каб эра міласэрнасці наступіла хутчэй. Гэта – работнікі сістэмы сацыяльнай абароны.



У  Анастасіі  Цітаўны  Чырык  з  Чамярыс  ужо  нікога  з родных  няма. І  не  толькі  ў вёсцы,  дзе  пражывае,  а і  па  ўсёй  рэспубліцы.  Як такой — адзінокай, пажылой, са страчаным здароўем жанчыне справіцца з усім: навесці парадак у доме, паклапаціцца аб ацяпленні, разлічыцца за выкарыстаную электраэнергію, данесці сумку з прадуктамі харчавання, купіць лекі?.. Добра ўсё-такі, што на дапамогу прыходзіць сацыяльны работнік. З цёплым словам, усмешкай, увагай і разуменнем. З ім, як лічыць пенсіянерка, сапраўды  пашчасціла – сагравае сэрца і спагадай, і дабрынёй. Гэта так, згадзіцеся, патрэбна кожнаму з іх – людзей, на чыю долю выпаў незайздросны час. Жахі вайны, нястача, голад, цяжкая, не кожнаму пад сілу, праца.


Апрача Анастасіі  Цітаўны, у Вольгі Іванаўны Пяхоты  яшчэ  пяць  падапечных. З сустрэчы  з  імі,  па  сутнасці, і пачынаецца яе працоўны  дзень. У першую чаргу – уважліва выслухаць, раздзяліць боль і радасць, маральна  падтрымаць. Ды і проста пагутарыць.  Гэтага таленту Вользе Іванаўне не займаць. За чатыры з паловай гады работы ў якасці сацыяльнага работніка майстэрствам узаемадзеяння з людзьмі  авалодала. Галоўнае тут, як упэўнілася на практыцы, пачуццё такту і цярплівасць, разуменне таго, наколькі дарагім і каштоўным для адзінокіх з’яўляецца кожнае імгненне зносін.  А калі ўсе перажыванні, думкі і праблемы давераны – час і за іншую справу брацца: у магазін за пакупкамі схадзіць, падлогу памыць, дроў у дом прынесці… Клопатаў хапае на дзень. І гэтае высакароднае імкненне прыходзіць на дапамогу іншым, здольнасць прымаць людзей такімі, якія ёсць, умацоўваюць надзею тых, хто побач, не даюць страціць цікавасці да жыцця.


Штодня на Брагіншчыне да людзей, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, спяшаюцца 44 сацыяльных работнікі. Няхай жа вашы чуласць, гуманнасць і дабрыня, паважаныя творцы міласэрнасці, заўсёды вяртаюцца падзякай ад меней абароненых. Вы – іх выратавальнікі ад адзіноты, жыццёвых цяжкасцей і душэўных ран.
З надыходзячым прафесійным святам!


В. БЕЛЬЧАНКА


Фота В. ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ