РАЗАМ ІСЦІ Ў БУДУЧЫНЮ

Общество

Святочнае  інтэрв’ю



Адыходзіць у мінулае яшчэ адзін год, са сваімі здабыткамі, перажываннямі, дасягненнямі, а часам і няўдачамі. Кожны з нас зараз падсумоўвае вынікі ў нечым асабістым. Тым жа, каму даверана лёсам кіраваць, патрэбна падвесці чарговую рысу ў дзейнасці арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў. Гэта — не малая адказнасць – і самому жыць дастойна і з нейкімі дасягненнямі сустрэць будучыню. А яна ўсё больш і больш патрабавальная да нас. У яе  свае законы, свае параметры развіцця.
Менавіта аб гэтым – што ўжо мінула і што нас чакае — мы  размаўлялі напярэдадні новага года са старшынёй раённага выканаўчага камітэта А.П. Ятчанкам.



— Аляксандар Пятровіч, калі на кіраўніку прадпрыемства ляжыць вялікая адказнасць, то  на  Вашых плячах  яна  большая ў некалькі  разоў.  Ад  Вас ва многім залежыць жыццё і лёс  рэгіёну, нашых землякоў. А паколькі  раён  сельскагаспадарчы, вядучую ролю  ў  эканоміцы, сацыяльным жыцці адыгрываюць  вяскоўцы. Мы шмат  пішам пра гэта, але  ж  ваша  ацэнка –  больш  значная.


— Адзнаку нам паставілі рэспубліканскія “Дажынкі-2008”. Хіба ж гэта не вынік —  першае месца сярод раёнаў вобласці. Ганарыцца дасягнутым  па праву могуць працаўнікі КСУП ордэна Леніна «Брагінскі» (у вобласці заняў трэцяе месца), «Чамярыскі». Больш атрымана гародніны, асноўны ўклад – КСУП «Брагінка». Тут таксама  нядрэнна ўрадзілі  бульба, як і ў «Малажынскім», імя Жукава. На слыху імёны тых, чыя роля ва ўборцы зерневых бясцэнная: экіпажы камбайнаў у складзе М. М. Салдаценкі і А. М. Галкі, І. М. Салдаценкі і Р. І. Галкі з КСУП «Чамярыскі», Ю. В. Коваля і С. В.  Крысенкі, С. А. Лявоненкі і Л. М. Козела  з імя Жукава.  Не адстае ад іх і моладзь – экіпаж І. І. Харко і Д. І. Комара з КСУП «Малажынскі», Г. А. Бабраўнічага і А. У. Кацубы з «Брагінскага», Д. М. Мароза і С. В. Швабава з «Дублінскага».  Адзначыла жніво сваім залатым ззяннем і вадзіцеляў А. І. Рудабельца з КСУП «Малажынскі», А. І. Кудранка з КСУП «Чамярыскі», Л. В.  Федарэнку з КСУП ордэна Леніна «Брагінскі».


Але ж раслінаводства – гэта не толькі жніво. Яго задача – забяспечыць трывалую кармавую базу для жывёлагадоўлі на зімова-стойлавы перыяд, падрыхтаваць глебу, унесці мінеральныя ўгнаенні  і ў час пасеяць ці пасадзіць. Пераможцамі раённага спаборніцтва сярод механізатараў  у гэтым годзе сталі П. Р. Ціханчук з КСУП «Чамярыскі», А. П. Гуз з КСУП «Малажынскі», А. В. Заранік з КСУП ордэна Леніна «Брагінскі», многія іншыя.


— Зямля дае перадышку на кароткі зімовы час. Але ж не сціхае жыццё на фермах…


— Вядома, там дзе жывёлагадоўля ў пашане,  ёсць пастаянныя паступленні грашовых сродкаў у касы гаспадарак. Нядрэнна пастаўлена справа ў КСУП ордэна Леніна «Брагінскі», «Пераможнік»,  «Чамярыскі», «Малажынскі», «Камарынскі». Недзе большыя прывагі, недзе – якаснае малако. Патрэбна пераймаць лепшы вопыт, укараняць яго, і фінансавая стабільнасць прыйдзе ў кожную гаспадарку, кожны  дом. Пачуццё гонару выклікае праца аператараў машыннага даення А. Г. Панікэ, Т. Р. Чарнянок, Л. М. Істомінай, Л. А. Сніцарэнкі,  аператараў на дарошчванні і адкорме  М. Л. Давыдоўскага, П. В. Працэнкі, Т. П. Карпенкі, Н. М. Краўчанкі. А дзе добра працуюць, там добра і жывуць. Паглядзіце, як мяняецца аблічча нашых вёсак, яны становяцца аграгарадкамі. Тут ёсць і зваротны эфект: дастойнае жыццё патрабуе дастойнай працы.


— Я ведаю, што сацыяльная сфера – таксама заўсёды ў цэнтры Вашай ўвагі.


— Менавіта медыкі, настаўнікі, работнікі культуры робяць наша жыццё здаровым, больш насычаным, яркім. У гэтым годзе ў Брагіне адкрылася гімназія. А гэта значыць, што развіццё, якое, як вядома ідзе па спіралі,  зрабіла яшчэ адзін віток. На вышэйшы ўзровень пяройдзе якасць ведаў, выкладанне. Будем спадзявацца, што больш нашых выпускнікоў паступяць у ВНУ і вернуцца на малую радзіму кваліфікаванымі спецыялістамі.


У медыцыне радуе тое, што адрамантавана Камарынская бальніца. З’явілася шмат маладых урачоў. Адна бяда – не жадаюць у нас затрымлівацца, хаця і жыллё ім выдзяляецца, і іншыя льготы ёсць.


Нашы работнікі  культуры таксама ў гушчы жыцця – радуюць новымі знаходкамі, развіваюць здольнасці  юных  талентаў.  Для таго, каб працэс гэты ішоў далей, мы прынялі рашэнне аб падтрымцы таленавітай моладзі, дзе прадугледжваюцца сродкі для іх удзелу ў розных конкурсах і фестывалях, а таксама асабістае матэрыяльнае заахвочванне.


Пашыраецца і ўмацоўваецца спартыўная база. Плануем рэканструкцыю былога будынка ДТСААФ, дзе знойдуць сабе месца розныя секцыі, Дом дзіцячай творчасці, бібліятэка.


— Ведаеце, пад час нейкіх паездак,  зносін з калегамі,  апошнія выказваюць сваё захапленне — Брагін стаў маленькай Еўропай.


— За ўсім гэтым — напружаная праца і немалыя сродкі. Мы, хто жывём тут, ужо не заўважаем прыгажосці нашых вуліц. З боку, вядома, больш прыкметна. На добраўпарадкаванне Брагіна выдзелена ў 2008 годзе нямала сродкаў. Але, клапоцячыся аб райцэнтры, не забываем і пра вёскі. Папрыгажэлі не толькі нашы аграгарадкі, але і астатнія населеныя пункты. А Брагін, перакананы, будзе і далей прыгажэць. Паглядзіце, які сквер “вымалёўваецца” побач з гасцініцай. Яго лагічным завяршэннем стане ўстаноўка у наступным годзе помніка воінам-афганцам.


— Калі размова зайшла аб будаўніцтве, дык як ідуць справы ў гэтай галіне?


—  Сёлета ў раёне  навасёлы з’явіліся ў 24 новых кватэрах у райцэнтры. Жыллё, пабудаванае за кошт так званых “чарнобыльскіх” сродкаў, уведзена ў строй. Не крыўдзім мы і вяскоўцаў, пастаянна здаюцца ў эксплуатацыю дамы сядзібнага тыпу.  Пастаянна ўдасканальваюцца гандлёвыя кропкі ў Брагіне і на сяле.
Акрамя таго, заўсёды вядзецца рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў, добраўпарадкаванне мехдвароў.


У наступаючым годзе  плануецца пабудаваць 30 дамоў у вёсках  раёна, 40-кватэрны  — у райцэнтры, па вуліцы Скарахода, пачаць рэканструкцыю будынка па вуліцы Механізатараў, 10.  Пастаянна ідзе аднаўленне аб’ектаў сацыяльнай сферы.  Цудоўны Дом культуры вырас у Вуглах, у 2009 прымуць наведвальнікаў і ў Бурках, Малажыне, Мікулічах. Будуць працягвацца работы па рамонту дарог, узвядзенню сельскагаспадарчых аб’ектаў.


Імклівы час не дазваляе стаяць на месцы. Абганяць яго – справа бессэнсоўная, але ж ісці “ў нагу” – наш абавязак і справа гонару.


— Дарэчы, пра час і пра нас. Зараз усіх  непакоіць праблема крызісу.


—  Гэта ўжо, як пры хваробе – ці перанясеш яго  і прачнешся здаровы, ці… Я не лічу, што нешта сур’ёзнае адбудзецца. Наша краіна з годнасцю вытрымае гэты нялёгкі час, не думаю, што будзе шмат страт. Але ж нейкія паследкі патрэбна чакаць. Гэта ўжо так – рамонт у суседа, а ў цябе тынкоўка абвальваецца. Ды і яшчэ адно вядома здаўна – усе нягоды лепш перажываць, згуртаваўшыся ў адно цэлае, адчуўшы сваю моц. У Беларусі гэтыя сілы і моц ёсць.
У нашых жа планах, калі толькі іх падтрымаюць, – адкрыццё ў раёне асфальтавага завода, у Камарыне – цэха па перапрацоўцы драўніны.


— Аляксандр Пятровіч, Вашы пажаданні брагінчанам напярэдадні свята.


— Здароўя, вядома ж. Сумленнай працы на карысць  Брагіншчыны,  дабрабыт якой мы  павінны мацаваць разам. Дабра, цеплыні і  ўзаемаразумення ў кожны дом. Са святам, дарагія землякі!
Інтэрв’ю правяла


Г. ШАЎЧЭНКА


 



Пакінуць адказ