Расце насельніцтва – ёсць будучыня

Общество

Нараджальнасць  у  Брагіне  перавысіла смяротнасць  у  два  разы.



Гэтую  прыемную  навіну   паведаміла   начальнік  Брагінскага  аддзела   ЗАГС  Ганна  Пятроўна  Раманчук:


—У раённым цэнтры за 11 месяцаў адыходзячага года на свет з’явілася 45 дзяўчынак і 32 хлопчыкі, а з жыцця пайшло 36 чалавек. Лічбы, як бачна, аптымістычныя.


Што ж датычыць раёна, то смяротнасць, на жаль, перавысіла. Але ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам яна знізілася з 282 да 270. Пры гэтым 234 зарэгістраваныя факты прыходзяцца на сельскую мясцовасць.


Цікава, што з ліку навароджаных на тэрыторыі Брагіншчыны колькасць дзяўчынак перавысіла хлопчыкаў: 96 і 83 адпаведна. Самымі распаўсюджанымі імёнамі сталі  Ангеліна, Анастасія, Аляксандра, Дар’я, Вікторыя, Валерыя, Кірыл, Данііл, Ягор, Арцём і  Ілья. Ёсць і даволі  рэдкія ў наш час – Арына, Ульяна, Васіліса, Варвара.


За ўсімі гэтымі (і не толькі) фактамі дапамагаюць прасачыць запісы актаў  грамадзянскага стану, у якіх  зафіксаваны найважнейшыя, радасныя і сумныя, падзеі ў жыцці чалавека. Ад  нараджэння да смерці. У тым ліку і ўрачысты момант стварэння сям’і — у гэтым годзе ў раёне зарэгістравана 78 шлюбаў. І дай Бог, каб гэтыя пары па сумеснай дарозе жыцця крочылі ў каханні, узаемаразуменні і згодзе. І радасці, і цяжкасці – усё дзялілі на дваіх, выхавалі здаровых, разумных дзяцей. І, вядома ж, сустрэлі срэбныя і залатыя вяселлі, як сёлетнія  юбіляры. А такіх – нямала.


Даўжынёй у паўстагоддзе сямейная дарога нашых землякоў Васіля Лаўрэнцьевіча і Марыі Дзямідаўны Дашукоў, Міхаіла Васільевіча і Антаніны Мяфодзьеўны Раманюкоў, Івана Харытонавіча і Ганны Аляксандраўны Ракаў, Мікалая Цімафеевіча і Аляксандры Фёдараўны Пінчукоў, Паўла Даніілавіча і Раісы Паўлаўны Шубянкоў, Фёдара Фёдаравіча і Марыі Іванаўны Уласенкаў, Андрэя Харытонавіча і Ніны Сямёнаўны Сапоненкаў, Уладзіміра Кірылавіча і Ніны Паўлаўны Ганчарэнкаў. Дваццаць пяць гадоў разам Мікалай Уладзіміравіч і Наталля Іванаўна Чарнабаі, Васіль Васільевіч і Валянціна Міхайлаўна Свірыдзенкі, Уладзімір Дзмітрыевіч і Галіна Іванаўна Лутчанкі, Мікалай Фёдаравіч і Наталля Кірылаўна Барысенкі,  Уладзімір Васільевіч і Яўгенія Герасімаўна Белыя… Усім вам, паважаныя, шчырыя віншаванні  і  вялікі дзякуй за мудрасць,  узаемападтрымку і павагу, на якіх трымаецца сямейны ачаг.


Няхай надыходзячы год, дарагія брагінчане, прынясе ў кожную сям’ю толькі самае радаснае і добрае: здароўе, шчасце, цеплыню, клопат родных і блізкіх. Светлых вам навагодніх і калядных дзён!


Падрыхтавала  В. БЕЛЬЧАНКА


 



Пакінуць адказ