БОЛЬ ЧУЖОЙ ВАЙНЫ

Общество

Дваццаць гадоў аддзяляе нас ад вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Шмат чаго прааналізавана, пераасэнсавана, а нешта нават змяніла “плюс” на “мінус” з таго часу. З кім змагаліся нашы вайскоўцы  і дзеля чаго?


Не нам выступаць суддзямі… Я лічу, што права меркаваць аб тых падзеях ёсць у таго, хто сам прайшоў праз гарніла баёў, бачыў смерць таварышаў і мірнага насельніцтва, павінен быў націскаць на гашэтку кулямёта, бо верыў у тое, што ён выконвае абавязак перад Радзімай.  Многіх таксама закранула  гэта вайна, толькі ўскосна. Я ніколі не забуду жалобную цырымонію ў Лоеве, калі хавалі амаль майго равесніка ў цынкавай труне. Тыя ўражанні, як нешта жудаснае, незразумелае, недарэчнае, са мной усё жыццё. І ссівелая маці, і сёстры, якіх  нельга было пазнаць у іх горы, і бацька, якога падтрымлівалі сваякі, бо сам ён ледзьве ішоў.


У некага з беларускіх паэтаў ёсць такія радкі  “…час мяняе звыклыя погляды, час гісторыю поўніць датамі…”  Дзякуй Богу,  з’явілася ў календары і вось такая, пасля якой не складаюць больш нашы юнакі галовы на чужыне.


Але павага да  сучаснікаў, якія прайшлі пекла гэтай вайны і памяць аб загінуўшых будуць заўсёды з намі.
Сімвалічна тое, што вянкі да магіл нашых землякоў, якія не вярнуліся з Афганістана, ускладалі старшыня раённага Савета дэпутатаў П. К. Раманюк, воіны-інтэрнацыяналісты В. І. Балобан і  В. В. Чарнянок.


Многія, хто выконваў воінскі абавязак на чужой зямлі, вярнуліся пад дахі родных дамоў, да сваіх бацькоў і блізкіх. І іх павага, пашана, даніна памяці загінуўшым  побач у пекле, найбольш значныя…


Г. ШАЎЧЭНКА


На здымку: каля магілы нашага земляка  В. А. Сцепаненкі.



Пакінуць адказ