ДАСТОЙНАЯ ЗМЕНА

Общество

ПАСЛЯ  заканчэння  Буда-Кашалёўскага дзяржаўнага  аграрнага каледжа папоўніў рады маладых спецыялістаў Станіслаў Камагураў. З цеплынёй прынялі яго ў калектыве сельскагаспадарчага прадпрыемства “Дублінскі”.


Тэхніку палюбіў яшчэ з дзяцінства, таму, калі стала пытанне аб выбары прафесіі, мары сваёй не здрадзіў. У гаспадарку прыйшоў з адпаведным багажом ведаў. А цяпер галоўнае – правільна іх  прымяніць. Вопыту, безумоўна, яшчэ мала. Кемлівага юнака прыкмецілі адразу, ва ўсім стараюцца дапамагаць. Працуе пакуль што слесарам. 


— Станіслаў  абавязкова стане добрым спецыялістам, — лічыць галоўны інжынер М. М. Мулер. – Ён адказны, мэтанакіраваны, стараецца ўдасканальваць сваё майстэрства. Нам  вельмі патрэбны такія кадры.


У гэтыя зімовыя дні разам з вопытнымі механізатарамі ён рыхтуе сельгасмашыны да вясенняй пасяўной. Патрэбна адзначыць, што да тэхнікі тут адносяцца беражліва. Зерневая пасля ачысткі і адпаведнага рамонту чакае свайго часу ў спецыяльных ангарах. Пад адкрытым небам знаходзяцца трактары і аўтамабілі, на якіх цяпер працуюць ці якія патрабуюць рамонту. Не пустуе і майстэрня. Тут ва ўсю кіпіць работа. У памяшканні цёпла, ёсць усё неабходнае. Не за гарамі – вясна, таму і стараюцца механізатары і рамонтнікі, каб у час падрыхтаваць пасяўныя агрэгаты, іншую тэхніку.


Не застаецца ў баку ад агульнай справы Станіслаў. У любы час ён можа звярнуцца да старэйшых таварышаў, якія заўсёды параяць, у нечым дапамогуць. Яны добра ведаюць, як важна ў першыя дні самастойнай працоўнай дзейнасці падтрымаць маладога спецыяліста, каб ён не застаўся сам- насам з праблемамі, не расчараваўся ў выбары прафесіі.


Т.ЦІШКЕВІЧ


Фота В. ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ