БЕЗ ЛЫЖКІ ДЗЁГЦЮ НЕ АБЫШЛОСЯ

Сельское хозяйство

Вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за два месяцы бягучага года былі падведзены на базе КСУП “Краснае”.


Спачатку было знаёмства з вытворчасцю, з тым новым, што ўдалося ўкараніць у практыку за апошні час. Змены адбыліся. На ферме в. Прудавіца для дойнага статка з’явіліся два новыя памяшканні. Адно – з даеннем на спецыяльнай пляцоўцы і бяспрывязным утрыманнем, другое – для раздою першацёлак. У гаспадарцы правялі тэхнічнае перааснашчэнне, з’явіўся новы малакаправод, халадзільнік закрытага тыпу на чатыры тоны малака. Як станоўчае было адзначана і ўтрыманне цялушак для ўзнаўлення статка і нованароджаных цялят у добрых умовах.


Удзельнікі семінара пабывалі на ферме в. Новая Іёлча, іх цікавіла тэхналогія вырошчвання жывёлы мясной пароды, шаралезскай. Новы малакаправод ёсць і на Асарэвіцкай ферме. Усё гэта не засталося не заўважаным, ёсць надзея, што добрыя змены і сучасныя тэхналогіі дапамогуць працаўнікам КСУП “Краснае” наладзіць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі на тым узроўні, які патрабуецца, бо цяпер у іх адрас гучыць больш крытыкі, чым слоў пахвалы.


Падводзячы вынікі работы за студзень і люты, галоўны заатэхнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання П.В. Пінчук звярнуў увагу на тое, што пагалоўе буйной рагатай жывёлы па стану на 1 сакавіка павялічылася на 7 працэнтаў, кароў – на 2,6 працэнта, свіней – на 19. Усе гаспадаркі маюць станоўчы вынік, выключэнне – КСУП “Краснае” (пагалоўе свіней да ўзроўню мінулага года складае 91 працэнт).


Вытворчасць малака за два месяцы – 113 працэнтаў, хаця ў тым жа КСУП “Краснае” – 104, ніжэй сярэднераённага гэты паказчык у КСУП “Малажынскі”, “Пераможнік”, імя Жукава. За люты яго вытворчасць у цэлым па раёну павялічылася на 8,4 працэнта, але гэтага не скажаш пра КСУП “Пераможнік”, імя Жукава, “Малажынскі”, “Краснае”.


Пётр Валер’евіч  назваў тыя сельгаспрадпрыемствы, якія “мінусуюць” і ў гэтыя сакавіцкія дні.
Сярэдні надой ад адной фуражнай каровы склаў 607 кілаграмаў (плюс 71), гэтага ўзроўню не дасягнулі “КСУП “Краснае” (418 кг), імя Жукава (429), “Брагінка” (531), “Малажынскі” (576) і “Дублінскі” (535). Павялічыўся надой і ў лютым на 25 кілаграмаў, а ўсяго атрымана на карову па 315 кілаграмаў малака.
Валавая прывага за два месяцы таксама ўзрасла на 20%, але не ва ўсіх. На сярэднераённы паказчык не выйшлі КСУП “Краснае”, “Брагінскі”, “Малажынскі”, “Камарынскі”, “Пераможнік”. Сярэднясутачная прывага складае 496 грамаў.


У ліку тых, хто не атрымаў і такую, галоўны заатэхнік назваў КСУП “Чамярыскі”, “Краснае”, “Пераможнік”, “Малажынскі”, імя Жукава.
На 24 працэнты павялічылася валавая прывага ў лютым, ніжэй сярэднераённай яна ў КСУП “Брагінскі”, “Краснае”, “Пераможнік”, “Камарынскі”. А вось сярэднясутачная атрымана па 532 грамы (плюс 74). Менш, чым на 500 грамаў, прыбывала ў вазе кожныя суткі жывёла ў КСУП “Краснае”, імя Жукава, “Пераможнік”, “Чамярыскі”.


Валавая прывага свіней за два месяцы на ўзроўні мінулага года ў працэнтным выражэнні дасягнула лічбы 236, а ў лютым – 259. Сярэднясутачная прывага за два месяцы застаецца нізкай.


Закрануў П.В. Пінчук і пытанне закупу маладняку буйной рагатай жывёлы. Усяго на 23 галавы папоўніліся грамадскія статкі гаспадарак, а ў КСУП  імя Жукава, “Брагінка”, “Брагінскі”, “Дублінскі” і “Камарынскі” не закуплена пакуль ніводнай.
Ідуць масавыя ацёлы, у рацыён дойных кароў, і ўвогуле, усіх груп жывёлы неабходна ўвесці караняплоды, каб скарміць іх да красавіка.
Галоўны заатэхнік раёна звярнуў увагу кіраўнікоў і зааветспецыялістаў на неабходнасць добраўпарадкавання прыфермскіх тэрыторый, двароў, тым больш, што ў пачатку зімова-стойлавага перыяду былі складзены планы і распрацаваны мерапрыемствы, згодна з якімі і павінна весціся работа.


У час семінара былі абмеркаваны і іншыя паўсядзённыя пытанні, якія датычаць ачысткі памяшканняў з бяспрывязным утрыманнем, завозу подсцілу, выкарыстання пілавіння і г.д.


Н. СІНІЛАВА



Пакінуць адказ