ГАЛОЎНАЕ ЗАРАЗ – ІНІЦЫЯТЫВА І ПРАДПРЫМАЛЬНАСЦЬ

Общество

Маршрутамі  інфармацыйных  груп


У апошні час слова “крызіс” трывала засела на вуснах палітыкаў, журналістаў і звычайных грамадзян. Тэма, безумоўна, самая актуальная і абмяркоўваемая. Гэта так: ад паследкаў новых эканамічных рэалій не застрахаваны  ніхто. Не ведаючы, што чакае заўтра, складана весці бізнес, планаваць сямейны бюджэт, прымаць рашэнне, куда лепш укладваць грашовыя сродкі. Але зразумела адно – цяжкасці, якія б яны ні былі, заўсёды выпрабоўваюць нас на трываласць. І ў першую чаргу — наколькі мы гатовы насуперак ім дзейнічаць, быць ініцыятыўнымі і прадпрымальнымі, у рэшце рэшт, проста працаваць. Адказна, добрасумленна, з разуменнем сітуацыі і патрабаванняў сённяшняга дня.


Вось і на чарговай сустрэчы інфармацыйнай групы райвыканкама з насельніцтвам, якая праходзіла ў Камарынскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе, слова “крызіс” гучала не пужліва (як, бывае, кладзецца ў аснову кідкіх загалоўкаў асобных СМІ), а як часовая з’ява, у пераадоленні якой патрэбна быць аднадумцамі. Гэта значыць, адэкватна ацэньваць сітуацыю і вучыцца жыць у рэжыме эканоміі, належным чынам выконваць свае абавязкі на месцах і разам шукаць выйсце са складаных абставін, прыходзіць на дапамогу адзін аднаму.  Хаця, вядома, лягчэй за ўсё  зрабіць час фінансавых цяжкасцей прычынай прызнання ва ўласным бяссіллі. Ды ці будзе ад гэтага лепш нам самім?


Аб тым, наколькі ўздзейнічаюць паследкі сусветнага крызісу на сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі, паставіла сваёй мэтай расказаць калектыву школы намеснік старшыні райвыканкама і кіраўнік групы Г. М. Бабрынёва. Тэма яе выступлення датычыла фарміравання і рэгулявання даходаў насельніцтва рэспублікі, прыкметнага паніжэння якіх у пачатку 2009 года ў адрозненне ад іншых дзяржаў не дапушчана, хаця рост іх часова і запаволіўся. У далейшым ён будзе забяспечвацца выніковасцю работы ўсіх звёнаў эканомікі, і перш за ўсё – прадпрыемстваў.  Галоўнае зараз – не апусціць рукі, а захаваць вытворчасць. Выпускаць якасную, канкурэнтаздольную прадукцыю і наладжваць выгадныя партнёрскія сувязі, шукаць рынкі збыту. Іншымі словамі, знешнеэканамічная дзейнасць выходзіць на першы план.


Знайшоўся, вядома, час і на размову па пытаннях мясцовага ўзроўню – клопатах, звязаных з добраўпарадкаваннем Камарына, дзе практычна на ўсіх аб’ектах кіпіць работа: абнаўляюцца будынкі, падводзіцца газ у дамы жыхароў, вядуцца рамонтныя работы на дарогах… Знешні выгляд Камарына хутка стане непазнавальным. І ў такі адказны момант вельмі  важна заняць і рукі, і душу карыснымі справамі, праявіць працаздольнасць і гаспадарлівасць. Каб потым можна было ўсім разам парадавацца і створанай прыгажосці, і дадатковым зручнасцям, і палепшаным умовам жыцця.


Якія змены адбыліся за апошні час у падатковым і зямельным заканадаўствах, паведамілі прысутным начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Брагінскаму раёну В.М. Сукач і начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы У.Л. Кавалец. Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва С.М. Пархамец спыніўся на механізме аказання адраснай сацыяльнай дапамогі, якой толькі за мінулы год было ахоплена звыш тысячы жыхароў і сем’яў раёна.


В. БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий