КАБ ЗАГАВАРЫЛА СУМЛЕННЕ

Общество

Змагацца з праблемай сацыяльнага сіроцтва – значыць змагацца за выратаванне душ, захаванне сем’яў, дабрабыт і спакой у кожным доме. Справа высакародная і адказная. Што стаіць  за абыякавасцю, чэрствасцю, неасэнсаваным падыходам да рэалізацыі мерапрыемстваў па абароне дзяцей – зразумела ўсім: трагедыя. І таму зусім не дзіўна, што ў пытаннях, якія знаходзяцца ў полі зроку прадстаўнікоў каардынацыйнага савета па выкананню Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях”, дробязей няма. На парадку дня зноў стаяла самае хвалюючае і набалелае: як вырваць гора-бацькоў з учэпістых абдымкаў зялёнага змея, прымусіць іх працаваць і кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, забяспечыць эфектыўны механізм руху фінансавых сродкаў па назначэнню.


Прыведзеныя даныя па раённаму аддзелу адукацыі сведчылі аб тым, што з налічаных за першыя два месяцы бягучага года 34246910 рублёў кампенсавана 12202440, ці 35,6%. А за ўвесь перыяд дзеяння Дэкрэта – 33,1%. Зараз тут на ўліку стаяць 65 абавязаных асоб, 41 з якіх пражывае на тэрыторыі раёна, астатнія  – за яго межамі ці знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, ЛТП.


У службу занятасці з моманту рэалізацыі дзяржаўнага дакумента паступілі судовыя пастановы ў дачыненні 103 чалавек,  у тым ліку 5 ужо ў гэтым годзе. Праблем з працаўладкаваннем няма. Наладжана цесная ўзаемасувязь паміж наймальнікамі, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, раённым аддзелам унутраных спраў у плане кантролю за выхадамі нядбайных на работу. Так што дармаедам на беспакаранасць разлічваць не даводзіцца. У дачыненні двух, якія ўжо прагулялі больш дзесяці дзён, рыхтуюцца матэрыялы на прыцягненне да крымінальнай адказнасці. Рызыкуюць адчуць сілу закона яшчэ трое.


Вядома, не ўсё так гладка і проста ў справе вяртання чалавека да нармальнага жыцця. Як упэўніліся на практыцы многія, умоўна гора-бацькоў можна падзяліць на дзве катэгорыі: цалкам безнадзейных і тых, з кім яшчэ можна (і патрэбна) працаваць, каб спыніць на шляху да бездані, дапамагчы паверыць у сябе. І тут дарэчы будуць самыя розныя сродкі і метады: угаворы, пераконванні, уключэнне ў саюзнікі грамадскіх аб’яднанняў, царквы, работа на прафілактыку ўсіх звёнаў кантролю і падтрымкі.


А ўзнагародай за намаганні стане шчасце дзяцей — магчымасць расці і выхоўвацца ў сям’і, побач з самымі дарагімі для іх людзьмі.


В. БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ