НА САНАТОРКА-КУРОРТНАЕ ЛЯЧЭННЕ – З УЛІКАМ МЕДЫЦЫНСКІХ ПАКАЗАННЯЎ

Общество

Наколькі  важныя  для  кожнага чалавека асэнсаваныя  і  адказныя адносіны да фізічнага стану свайго  арганізма — гаварыць няма патрэбы, асабліва з улікам  таго, якія паследкі пакінуў на Брагіншчыне Чарнобыль.  Важнейшым складальнікам дзяржаўнай палітыкі  ў  гэтым напрамку з’яўляюцца менавіта меры па захаванню, умацаванню і паляпшэнню здароўя жыхароў. А гэта – і санаторна-курортнае лячэнне, аздараўленне пацярпелага насельніцтва.
Мая субяседніца – галоўны спецыяліст прадстаўніцтва “Гомельскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва” па Брагінскаму раёну С.М. Ярмоленка.


—Святлана Мікалаеўна,  з моманту ўдасканалення сістэмы забеспячэння грамадзян санаторна-курортным лячэннем і аздараўленнем з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту прайшло больш двух гадоў. Цяпер ужо бясплатную пуцёўку, як вядома, не атрымае той, хто не мае ў гэтым патрэбы па медыцынскіх паказаннях.


—Так. Прыярытэт у аздараўленні за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту аддаецца непрацуючым  інвалідам і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны; непрацуючым інвалідам I і II груп; дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 год і асобам, якія суправаджаюць іх ці інвалідаў I групы. А таксама непаўналетнім. Ільготы для іх прадугледжвае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2006 года №542 “Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва”.


—Што можаце сказаць аб рабоце ў яго рамках за мінулы год, і перш за ўсё – пра выезды на санаторна-курортнае лячэнне дзяцей?


—Самы высокі ахоп аздараўленнем  вучняў назіраецца ў вучэбна-педагагічным комплексе “дзіцячы сад-пачатковая школа” вёскі Сцежарнае, Крыўчанскай, Лубяніцкай і Дублінскай базавых, Мікуліцкай, Малажынскай, Іялчанскай, Вуглоўскай і Хракавіцкай сярэдніх агульнаадукацыйных школах – 91%. Крыху ніжэйшыя гэтыя паказчыкі ў Малейкаўскай і Буркоўскай САШ, Асарэвіцкім комплексе “дзіцячы сад-базавая школа” — 86%, Камарынскай САШ – 84%, Брагінскай – 80%  Чамярыскім комплексе “дзіцячы сад-сярэдняя школа” – 77%.


Многія ўстановы, заўважу, выязджалі ў здраўніцы ў поўным складзе, што дазволіла эфектыўна арганізаваць вучэбна-выхаваўчы працэс. Станоўчыя водгукі паступілі ад педагогаў і дзяцей, якія пабывалі  ў аздараўленчых цэнтрах “Пціч”, “Ждановічы”, “Белая Русь”, “Жамчужына” і інш., дзе створаны  спрыяльныя ўмовы як для лячэння, так і правядзення свайго вольнага часу, ёсць школьныя класы з сучаснай камп’ютэрнай тэхнікай і новай мэблю, добра абсталяваны спартыўныя залы.


Не пакідаюцца па-за ўвагай і выхаванцы дашкольных устаноў. Актыўная работа з бацькамі, накіраваная на асэнсаванне важнасці  санаторна-курортнага лячэння іх дзяцей, праводзіцца ў  Буркоўскім, Шкуратоўскім, Крыўчанскім, Хракавіцкім, Чамярыскім, Малажынскім дзіцячых садках. Толькі ў прыклад можна паставіць дзейнасць у гэтым напрамку Брагінскай дашкольнай установы №1 пад кіраўніцтвам Л.А. Гурын.


Але побач са станоўчым у арганізацыі аздараўленчых мерапрыемстваў не абыходзіцца без праблем. Напрыклад, цяжкасцей, звязаных з рэалізацыяй пуцёвак у летні перыяд. Прычыны: з аднаго боку – выезд часткі дзяцей на адпачынак за межы раёна, з другога – знаходжанне педагогаў у водпусках. Як вынік – працаваць яшчэ ёсць над чым: інфармаваць, растлумачваць, шукаць кампраміс, разам з зацікаўленымі асобамі прадумана падыходзіць да вырашэння спрэчных пытанняў.


—Цікава, колькі пуцёвак рэалізавана жыхарам раёна за кошт рэспубліканскага бюджэту?


—За мінулы год – трыццаць дзевяць: 24 – дзецям-інвалідам, 13 – пенсіянерам,  па адной – удзельніку Вялікай  Айчыннай  вайны і інваліду другой  групы,  захворванне якога выклікана паследкамі чарнобыльскай  катастрофы. 


—А з выкарыстаннем сродкаў сацыяльнага страхавання?


—Трыццаць пяць.


—Ці ўдалося выканаць даведзены план па аздараўленню насельніцтва?


—Больш таго. Пры даведзеным заданні ахапіць аздараўленнем і санаторна-курортным лячэннем 67,5% жыхароў, якія маюць у гэтым патрэбу, дасягнулі паказчыка 86,6%. На бягучы год ставіцца задача наблізіцца да 70%, ці аздаравіць 1935 чалавек з 2777.


—Думаю, будзе варта нагадаць нашым чытачам, што з першага студзеня 2007 года ваша прадстаўніцтва займаецца таксама забеспячэннем пуцёўкамі непрацуючых пенсіянераў.


—Яны могуць звярнуцца да нас з адпаведнай заявай на працягу года. Да паслуг – санаторыі “Ясельда”, “Беразіна”, “Чонкі”, “Вяжуці”, “Белая вежа”, “Срэбныя ключы”. Атрымальніку пуцёўкі пры сабе неабходна мець пашпарт з абавязковай прапіскай на тэрыторыі Брагінскага раёна, медыцынскую даведку формы №070-у-02, працоўную кніжку, пасведчанне пенсіянера і (калі ёсць) інваліда.
Пры гэтым зазначу, што аплата за пуцёўку для данай катэгорыі грамадзян (за выключэннем інвалідаў I і II груп) прадугледжана ў залежнасці ад памераў іх пенсіі.


—А для бацькоў, якія жадаюць выехаць на аздараўленне разам са сваім дзіцям?


—Яны маюць права атрымаць бясплатную пуцёўку толькі на дзіця ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў, а той, хто яго будзе суправаджаць (маці ці бацька), цяпер павінен уносіць 15-працэнтную аплату ад кошту пуцёўкі.


—Калі не памыляюся, кола вашых абавязкаў пашырылася і ў сувязі з забеспячэннем пуцёўкамі прадстаўнікоў сілавых структур?


—Так. На роўных умовах – у залежнасці ад даходаў – могуць умацаваць сваё здароўе як працуючыя прадстаўнікі РАУС, так і тыя, хто знаходзіцца ў адстаўцы. Указ Прэзідэнта цалкам ліквідаваў “градацыю” ў залежнасці ад статуса грамадзяніна.


—Давайце  зробім  разлік  на канкрэтным  прыкладзе, у якую  суму  абыдзецца  сёння жыхару  раёна   аздараўленне.


—Нам у гэтым дапаможа дадатак да Указа, на аснове якога і вызначаецца працэнт аплаты за пуцёўку, — звернем увагу на табліцу. Спынім свой выбар на санаторыі “Срэбныя ключы”, кошт пуцёўкі ў які з 28 сакавіка складае 1111930 рублёў. А сярэдняя заработная плата грамадзяніна за год, напрыклад, 1 мільён. Гэтую суму падзелім на сярэднюю зарплату па рэспубліцы за месяц, папярэдні атрыманню пуцёўкі, — студзень (919,636 руб.) Атрымліваем велічыню 1,09. Адпаведна, плаціць давядзецца 30% ад прыведзенай вышэй сумы, ці 333580 рублёў. А ў каго даход ніжэйшы – і таго менш. Згадзіцеся, гэта па кішэні. Тым больш, калі размова ідзе пра бясцэнны набытак – уласнае здароўе.


—У які час жыхары раёна могуць да вас звяртацца?


—Прыём грамадзян ажыццяўляем штодзённа з панядзелка па пятніцу з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30. Прыходзьце і тэлефануйце (2-23-27). Будзем рады вам дапамагчы.


Інтэрв’ю  правяла В. БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ