НАДЗЕЙНАЯ ПАМОЧНІЦА КІРАЎНІКА

Общество

Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум  Святлана закончыла ў 1979 годзе з чырвоным дыпломам,  прыехала працаваць у калгас “Чырвоная Украіна” бухгалтарам. На жаль, пасля аварыі  на ЧАЭС, якая набыла маштабы катастрофы, гаспадарка перастала існаваць, а яе цэнтральная сядзіба, вёска Гдзень, стала непазнавальнай, апусцела і асірацела. А тады маладому спецыялісту тут падабалася, адразу адчула, што ў яе ведах маюць патрэбу. Праз  месяц  прапанавалі пасаду галоўнага эканаміста  ў адным з сельгаспрадпрыемстваў на выбар. Ехаць у Піркі ці ў Хракавічы? Доўга не разважала, выбрала апошні населены пункт, там і засталася, жыве па сённяшні  дзень.  Праўда, працуе ў КСУП “Чамярыскі”,  да  якога  далучылі  іхні “Агра-Лідэр”  некалькі  гадоў  назад. У  верасні  бягучага  года  Святлана Рыгораўна  Шаўчэнка  адзначыць 30-годдзе  работы  эканамістам у  сістэме  АПК   нашага   раёна.


Сёння гэта адзін з самых  вопытных і ініцыятыўных спецыялістаў, да думкі якога прыслухоўваюцца  і з якім раяцца, калі неабходна прыняць важнае рашэнне. У сучасным грамадстве яго роля ў эканамічнай  стабільнасці калектыва – не апошняя. Як сцвярджае Святлана Рыгораўна,  ён проста абавязаны пралічыць і прадбачыць усё наперад, каб перасцерагчы калектыў ад неапраўданых затрат і рызыкоўных праектаў. Бывае, і паспрачацца  з кіраўніком сельгаспрадпрыемства даводзіцца, адстойваць свой пункт гледжанння, знаходзіць важкія доказы ў падтрымку свайго меркавання.


Вядома, неабходна мець аўтарытэт, веды, імкненне да ўдасканалення прафесійнага майстэрства і росту. Усё гэта ёй уласціва. С.Р.Шаўчэнка не абмяжоўваецца колам сваіх абавязкаў. Патрэбна аформіць крэдыт або іншыя важныя дакументы – калі ласка.


З Генадзем Іванавічам Краўчанкам, дырэктарам КСУП “Чамярыскі”, яны не толькі аднадумцы,  а і  дзве творчыя асобы, якія знаходзяцца ў пастаянным пошуку, імкнуцца вывесці сваю гаспадарку ў лік лепшых. Хаця і не гэта галоўнае. Ёсць вялікае жаданне стварыць для вяскоўцаў такія ўмовы і забяспечыць такой заработнай платай, якая б давала права на заможнае жыццё, каб сельскія працаўнікі маглі набыць усё, што хочуць, паехаць у адпачынак, падарожжа.


Смелыя ідэі кіраўніка знаходзяць эканамічнае абгрунтаванне ў спецыяліста. Святлана Рыгораўна, калі бачыць выгоду, падтрымлівае. Бывае, і адгаворвае.
Быць патрэбнай людзям і  гаспадарцы – такое  жыццёвае крэда, і ад таго, што ў яе жыцці так атрымліваецца, шчаслівая. С.Р.Шаўчэнку можна назваць правай рукой дырэктара, надзейным дарадцам. Што ж датычыцца выканання сваіх непасрэдных абавязкаў, то ў гэтым плане ўсё ў парадку. З практыкі ведаю: Святлана Рыгораўна заўсёды распрацоўвае такія меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання, якія заслугоўваюць увагі, пераймання. У тыя гады, калі заработную плату працаўнікі вёскі атрымлівалі несвоечасова, практыкавала выдачу натураплаты, напрыклад, каня, за першае месца на ўборцы зерневых і зернебабовых. На падворку сельскага жыхара ён ніколі не лішні. Выхад з тупіковых сітуацый можна знайсці, калі ёсць жаданне.


Святлана Рыгораўна выбіралася дэлегатам другога Усебеларускага сходу, гэтая падзея ў яе жыцці стала незабыўнай. Яна – ударнік 12-й пяцігодкі, неаднаразова станавілася лепшай па прафесіі сярод эканамістаў раёна,  атрымлівала граматы, падарункі. Усё гэта заслужана, так і належыць быць. Той, хто больш дае грамадству, павінен адчуваць з яго боку ўвагу.


Ну, а самой Святлане Рыгораўне хочацца, каб шчаслівымі былі яе дзеці і ўнукі, раслі здаровымі, радавалі бабулю сваімі поспехамі. Цеплыні і любові для родных і блізкіх яна не шкадуе. Ды і на рабоце яе ведаюць як душэўнага чалавека, здольнага суперажываць, падтрымаць у цяжкі момант жыцця, выручыць. Са святам Вас, паважаная, няхай людская дабрыня будзе і для Вас як узнагарода за высакароднасць і сумленную працу, адданасць справе. Няхай на сэрцы будзе заўсёды спакойна і радасна, а  гэтая вясна ўсміхнецца шчыра і шчодра, запомніцца  добрымі пераменамі да лепшага.


Н. СІНІЛАВА



Пакінуць адказ