НАТХНЕННЕ, ПАМНОЖАНАЕ НА СТАРАННЕ

Общество

Першае ўражанне ад сустрэчы с Марынай – для сваіх трынаццаці год даволі сур’ёзная і разважлівая, з асабістай думкай і сваім поглядам на жыццё. Прыкметная сціпласць і добрае выхаванне не дазваляюць расказваць аб сабе з нейкай фанабэрыяй ці ганарлівасцю. Хаця пахваліцца ёсць чым. Напрыклад, сваімі творамі, сярод якіх ёсць неаднаразова адзначаныя як на раённым, так і на абласным, міжнародным узроўнях. З-пад рукі дзяўчынкі іх выйшаў не адзін дзесятак: вершы, апавяданні, казкі, байкі. Усё пачалося неяк само сабой…


У звычайны вечар, калі Марына сядзела за ўрокамі, да яе прыйшло натхненне – пачалі нараджацца вершаваныя радкі, у якіх, зразумела, адлюстроўваўся свой, непаўторны і зразумелы толькі дзіцяці, свет. А ўслед за першым невялікім творам пра кацяня з’явіліся і чарговыя. Хоць яшчэ і далёкія ад дасканаласці, але з багатым уяўленнем і фантазіяй, якім дзяўчынка давала волю, выводзіла на прастор.
Напэўна, так было наканавана, што на гэтых пачатковых (і, так хочацца верыць, не апошніх) прыступках у свет мастацкага слова Марына сустрэла свайго настаўніка. Ужо некалькі год яе вядзе па дарозе творчасці Тамара Міхайлаўна Глуўко. Дапамагае, падказвае і накіроўвае, дае парады. Дзяўчынка  яе лічыць  сваёй  натхняльніцай.


У краязнаўчым гуртку, якім кіруе на базе  Камарынскага Дома дзіцячай творчасці Тамара Міхайлаўна, школьніца і адшліфоўвае сваё майстэрства — вучыцца больш поўна і яскрава, на аснове ўласных назіранняў перадаваць асабістыя ўражанні, думкі і пачуцці на паперы. І ёй становяцца падуладнымі самыя розныя жанры і тэмы, аб’яднаныя, бадай, адным, вялікім і саграваючым з маленства, словам — Радзіма.
Вось  толькі  шкада, што адлегласць, якая  раздзяляе  гарпасёлак  Камарын і  вёску  Краснае,  дзе  жыве і вучыцца  Марына,  не  дазваляе сустракацца  так  часта,  як  хацелася б.


Дарэчы,  зусім  нядаўна Марына Сарычава  была ў чарговы раз узнагароджана  – як  удзельніца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу сярод школьнікаў. Накіраваныя ў Мінск яе верш “Не забыть никогда”, напісаны яшчэ ў 10-гадовым узросце, і казка “Расскажи мне, облако…”  адзначаны Саюзам пісьменнікаў Беларусі граматай за  шматжанравую творчасць і арыгінальнае адлюстраванне чарнобыльскай тэмы. А поруч з гэтым дзяўчынка  атрымала  права на публікацыю сваіх  твораў у часопісе  “Альманах”.


Не даравальна будзе не дадаць да гэтага, што Марына яшчэ і старанная вучаніца. І не толькі ў агульнаадукацыйнай, а і ў школе мастацтваў, філіял якой дзейнічае на базе мясцовай установы культуры. Авалодвае ігрой на фартэпіяна, добра спявае і малюе. А яшчэ – марыць… У будучым бачыць сябе нашай калегай.
Шчыра  спадзяёмся, шаноўная Марына,  што так і атрымаецца. Журналісцкая справа, нягледзячы на ўсе яе цяжкасці, усё-такі цікавая – быць у гушчы падзей, радавацца і перажываць, захапляцца і хварэць чужымі праблемамі, сустракацца з новымі людзьмі. І з дапамогай слова – шчырага, праўдзівага, пранікнёнага і жыватворнага – уздзейнічаць на іншых, прымушаць іх змяняцца да лепшага, умацоўваць веру і надзею. Вялікае і патрэбнае мастацтва. Але яму неабходна вучыцца. Каб часам не параніць, не пасеяць смуту ці варожасць. Таму на сваёй творчай дарозе абавязкова памятай: мала мець талент, яго патрэбна развіваць, пастаянна ўдасканальваць, працуючы над сабой, і шчодра дарыць людзям. У цябе абавязкова на ўсё гэта хопіць розуму і сіл.


В. БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ