ПАДАРАВАЛІ ВЯСКОЎЦАМ СВЯТА

Общество

Зала Зарачанскага сельскага Дома культуры была запоўнена даадказу. Самадзейных артыстаў з Чамярыс хацелі паслухаць многія, бо чуткі аб тым, што гэты калектыў не толькі падрыхтаваў цікавую канцэртную праграму, з якой выступаў ужо ў многіх населеных пунктах раёна, але і змагаецца за права насіць званне “народны”, прайшоў нават першы этап праслухоўвання, даляцелі і да нас. Да таго ж і сцэнічныя касцюмы ў кожнага ўдзельніка мастацкай самадзейнасці – мара многіх народных гуртоў, ёсць сучасная апаратура. Гэта толькі дапаўняе агульнае ўражанне ад выступлення  таленавітых выканаўцаў.


Трэба сказаць, надзея ўбачыць на сцэне самародкаў з народных глыбінь апраўдалася. Канцэрт доўжыўся каля дзвюх гадзін, якія для нас, гледачоў, праляцелі імгненна. Гарачымі апладысментамі сустракалі кожны нумар, далоняў не шкадавалі. А заключную песню канцэртнай праграмы “Бывайце здаровы, жывіце багата!” чамярысцы выконвалі з асаблівым натхненнем. Прысутныя ўсталі і апладзіравалі стоячы.


Трэба сказаць, што да нас у Зарэчча ансамбль “Чарэмша”, а называецца ён менавіта так, прыехаў 22 лютага, напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Настрой ва ўсіх быў прыўзняты, і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці яшчэ больш узмацнілі гэтае адчуванне свята, падаравалі сельскім жыхарам незабыўныя ўражанні і радасныя моманты ад сустрэчы з народнай песняй, шчырасцю і талентам выканаўцаў.


А я па-добраму пазайздросціла ім, парадавалася за тое, што ёсць у самадзейных артыстаў нашага раёна такія магчымасці для развіцця здольнасцей, а галоўнае – жаданне дарыць святы іншым. Ад імя аднавяскоўцаў і ўсіх, каму давялося паслухаць выступленне “Чарэмшы”, хачу сказаць: “Вялікі дзякуй вам, паважаныя! Новых вам творчых знаходак, натхнення, радасці ад сустрэчы з удзячнымі слухачамі. Прыязджайце да нас яшчэ.”


К. ПРОТЧАНКА,
загадчыца Зарачанскага сельскага Дома культуры



Пакінуць адказ