ПАСЯЎНАЯ СТАРТАВАЛА

Сельское хозяйство

Поспехаў  і  ўдачы  ВАМ, хлебаробы


Пачатак веснавых палявых работ на Брагіншчыне звязваюць з КСУП “Камарынскі”. Менавіта гэтая гаспадарка першай выводзіць сеялкі на палі з прычыны свайго геаграфічнага размяшчэння і  структуры глебы. Яны тут лёгкія, не вельмі ўрадлівыя, таму на высокі ўраджай хлебаробы могуць разлічваць толькі тады, калі правядуць пасяўную ў   аптымальныя тэрміны, захаваюць вільгаць. Да сяўбы аўса прыступілі 16 сакавіка. Падмурак ураджаю-2009 закладвае механізатар Аляксандр Аляксеевіч Леўчанка на сваім “Беларусу-2022” у счэпе з камбінаваным пасяўным агрэгатам нямецкай вытворчасці.


Як расказаў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцін Валянцінавіч Хмелянок, работы ў КСУП “Камарынскі” вядуцца ў комплексе. Уносяцца вадкія азотныя ўгнаенні, для гэтай работы зараз вельмі спрыяльны перыяд. Барануюцца азімыя, паша, вывозіцца на палі арганіка. З мясцовымі ўгнаеннямі працуе спецыяльны механізаваны атрад – тры-чатыры адзінкі тэхнікі на вывазцы і адна – на пагрузцы.


Раннія яравыя сее пакуль адзін механізатар, дробныя контуры палёў  не даюць магчымасці “разгуляцца” іншым камбінаваным агрэгатам. Пазней да А.А. Леўчанкі далучацца і іншыя.


Паліва ёсць, палявыя работы з-за яго адсутнасці не спыняюцца. А на наступным тыдні  для ўдзельнікаў пасяўной кампаніі будзе арганізавана і гарачае харчаванне. Ёсць надзея, што і сёлета працаўнікі “Камарынскага” ў разліку на бала-гектар атрымаюць добры ўраджай, ва ўсякім разе, яны для гэтага робяць усё.
А 19 сакавіка першыя гектары зерневых былі засеяны і ў КСУП “Краснае”. Апрабавалі пасяўныя агрэгаты ў полі  механізатары “Чамярыскага”. З правядзеннем работ у раёне не марудзяць, па меры магчымасцей сілкуюць пасевы, барануюць, вывозяць і ўносяць арганіку, абразаюць сады. Вясны чакалі, да яе рыхтаваліся, і зараз настаў час прадэманстраваць, наколькі сур’ёзна і добрасумленна выканалі свае абавязкі і спецыялісты, і рамонтнікі, ці змаглі назапасіць гаруча-змазачныя матэрыялы і як настроены на плённую работу.


Н.СІНІЛАВА


На здымку: А.А. Леўчанка каля камбінаванага агрэгата



Пакінуць адказ