У ЦЕСНЫМ СУПРАЦОЎНІЦТВЕ

Общество

прадоўжаць  сваю  дзейнасць
на  тэрыторыі   раёна  грамадскія  аб’яднанні
і   палітычныя   партыі


У сучасных умовах без арганізацыі канструктыўнага дыялогу паміж уладай і грамадствам не вырашыць ні адну з ключавых задач, якія стаяць перад рэгіёнам, краінай у цэлым. Такое ўзаемасупрацоўніцва – надзейны інструмент вырашэння многіх жыццёва важных праблем, што хвалююць жыхароў. Але меркаваць аб эфектыўнасці гэтай дзейнасці можна толькі па рэальных  справах на карысць людзей. Аб іх і паведамлялі ў час падагульняючай нарады кіраўнікі арганізацыйных структур грамадскіх аб’яднанняў Брагіншчыны.


Як падкрэсліла ва ўступным слове намеснік старшыні райвыканкама Г. М. Бабрынёва, радуе тое, што ў развіцці раёна і паляпшэнні яго дабрабыту  грамадскасць нарэшце асэнсавала сваю місію. Выбрала шлях, разлічаны не на дапамогу аднекуль збоку (як, што ўтойваць, гэта было раней), а  на ўласную ініцыятыву, актыўнасць, канкрэтныя дзеянні. У выніку —  і ўпэўненасць у сваіх сілах, і дадатковыя даходы, і папоўненая капілка добрых і карысных спраў. У многім – дзякуючы распрацаваным на месцах праектам, творчым пошукам і знаходкам. Значыць, сапраўды ў грамадскай свядомасці адбыўся пералом.


Прыкладам такой дзейнасці можа стаць работа нашага Савета жанчын на чале з Л. П. Кузняцовай — дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з замежнымі партнёрамі, на тэрыторыі раёна рэалізуюцца сацыяльна значымыя праекты “Я такі, як усе” (на суму 26 мільёнаў рублёў), “Мір і згода – у кожны дом” (10 тысяч долараў). Галоўная мэта – не пакінуць сам-насам са сваімі праблемамі інвалідаў, даць часовы прытулак і аказаць неабходную дапамогу членам сем’яў, якія маюць патрэбу ў абароне. Прадугледжана адкрыццё так званага крызіснага пакоя, 10 мільёнаў рублёў затрачана на абсталяванне трэнажорнай залы для маладых людзей з праблемамі са здароўем, 12 тысяч еўра выдзелена на стварэнне інфармацыйнага цэнтра для вывучэння замежных моў і правіл пражывання на забруджанай пасля аварыі на ЧАЭС тэрыторыі. Савет жанчын, у склад якога ўваходзяць прадстаўніцы самых розных сфер дзейнасці, ставяць перад сабой задачы, звязаныя з дэмакратычнай бяспекай, абаронай асабістых інтарэсаў і правоў слабай паловы чалавецтва, садзейнічаннем умацаванню інстытута сям’і, барацьбой з п’янствам і алкагалізмам. Традыцыйнымі сталі акцыі ў падтрымку малазабяспечаных, мнагадзетных і няпоўных сем’яў, дзяцей-інвалідаў, іншыя мерапрыемствы. На дабрачынны рахунак для іх правядзення ад арганізацый і прадпрыемстваў паступіла 4 мільёны рублёў.


Са снежня 2005 года ўзнавіла сваю дзейнасць раённая арганізацыя Беларускага грамадства Чырвонага Крыжа, дзейнасць якой заснавана на прынцыпах гуманнасці і міласэрнасці. Пры падтрымцы дзяржавы яна аказвае дапамогу тым, хто трапіў у бяду, самым неабароненым катэгорыям насельніцтва. У ліку зробленага за мінулы год – размеркаванне 20 харчовых набораў на агульную суму 734,876 руб., забеспячэнне 300 дзяцей мульцівітамінамі — 481,200 руб., удзел 10 юных брагінчан з малазабяспечаных і праблемных сем’яў у дабрачынным навагоднім ранішніку, які прайшоў у Гомельскім тэатры лялек з уручэннем падарункаў. Арганізацыя выканала даведзены фінансавы план на 126,2 працэнта, — паведаміла яе старшыня Н. Я. Пашук.


Аб тым, якую дапамогу адчуваюць сёння інваліды па зроку і што зроблена ў мэтах паляпшэння якасці іх жыцця, гандлёвага і іншага абслугоўвання, расказаў старшыня раённай арганізацыі  ГА “БелТіЗ” Р. Ф. Вароненка. На рабоце ветэранскай арганізацыі Брагінскага РАУС спыніўся старшыня пярвічкі А. М. Кузьмін. Актыўная прапаганда асноў бяспекі жыццядзейнасці сярод непаўналетніх і моладзі – галоўнае, на чым акцэнтуецца ўвага ў грамадскім руху выратавальнікаў-пажарных. Мэтанакіраваная работа па раскрыццю творчага патэнцыялу маладога пакалення, садзейнічанне развіццю грамадства, заснаванага на патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцях беларускага народа, з’яўляюцца прыярытэтнымі напрамкамі ў дзейнасці РК ГА “БРСМ», у складзе якога на сённяшні дзень налічваецца 705 чалавек, аб’яднаных у 50 пярвічак.


У цэлым жа, на тэрыторыі Брагіншчыны зараз дзейнічае 18 грамадскіх аб’яднанняў, дзве палітычныя партыі і адзін дабрачынны фонд. За ажыццяўленнем іх узаемадзеяння і накірункамі канструктыўнага супрацоўніцтва ў мэтах падтрымання грамадска-палітычнай стабільнасці ў дзяржаве і прапаганды данай дзейнасці цяпер будзе сачыць каардынацыйны савет на чале з С. І. Прыходзькам – адпаведнае рашэнне прыняў райвыканкам.


В. БЕЛЬЧАНКА


 



Пакінуць адказ