У ЗАЛЕЖНАСЦІ АД УКЛАДУ КОЖНАГА

Сельское хозяйство

Для павышэння матэрыяльнай зацікаўленасці хлебаробаў, занятых на веснавых палявых работах, мэтазгодна распрацоўваць сістэму аплаты працы і стымулявання, якія накіраваны на своечасовае і якаснае правядзенне пасяўной. Як правільна гэта рабіць, якіх прынцыпаў прытрымлівацца, расказала начальнік планава-фінансавага аддзела райсельгасхарчу В.Р. Дзегцярэнка.


— Працу людзей рэкамендуецца аплачваць за выкананы аб’ём па здзельных расцэнках, зыходзячы з дзеючых тарыфных ставак, прымяняемых норм выпрацоўкі і існуючай тарыфікацыі работ, — растлумачыла Валянціна Рыгораўна. — Павышаную аплату працы ў гаспадарках устанаўліваюць за высокую якасць работ у лепшыя агратэхнічныя тэрміны (за ўнясенне ў глебу арганічных і мінеральных угнаенняў, за падрыхтоўку насення высокіх кандыцый, ворыва, за высокую якасць сяўбы, атрыманне добрых усходаў і іншыя паказчыкі).


Пры гэтым за адзнаку “выдатна” павышаная аплата налічваецца ў памеры да 70 працэнтаў здзельнага заробку, за адзнаку “добра” – да 40 працэнтаў, за адзнаку “здавальняюча” не прымяняецца ўвогуле.


Эканаміст падкрэсліла, што для ажыццяўлення  кантролю за якасцю неабходна ў канкрэтнай гаспадарцы распрацаваць стандарты на асноўныя рабочыя працэсы, выдзеліўшы кожную тэхналагічную аперацыю.


У мэтах матэрыяльнай зацікаўленасці механізатараў у скарачэнні тэрмінаў правядзення асобных відаў работ, а таксама павышэння прадукцыйнасці  працы, можна прымяняць павышаную аплату за перавыкананне зменных норм выпрацоўкі ў памеры да 50 працэнтаў іх здзельнага заробку. Гэтыя нормы вызначаюцца з улікам павелічэння працягласці рабочай змены ў перыяд пасяўной кампаніі ў межах наяўных грашовых сродкаў гаспадаркі.


Прэміраванне работнікаў спецыяліст раіць праводзіць за выкананыя ў тэрмін работы, прадугледжаныя планам, і за іх якасць (пасля з’яўлення ўсходаў) у памеры да 15 працэнтаў здзельнага заробку.


Пры прэміраванні таксама ўлічваюцца паказчыкі, якія характарызуюць працоўную дысцыпліну і культуру вытворчасці.
Для спрашчэння аплаты працы могуць прымяняцца комплексныя расцэнкі за выкананую норма-змену. Для  іх разліку ў фонд зарплаты ўключаюцца: планавы тарыфны фонд з улікам тэхналагічнага каэфіцыента, павышаная аплата за якаснае выкананне работ і ў вызначаныя тэрміны, прэмія, іншыя віды выплат.
Начальнік планава-фінансавага аддзела парэкамендавала выплачваць работнікам прэмію за эканомію паліва супраць устаноўленых норм расходу пры ўмове захавання агратэхнічных патрабаванняў да якасці механізаваных работ.


Для ажыццяўлення ўказанага прэміравання ў гаспадарках неабходна ўкараняць тэхнічна абгрунтаваныя нарматывы расходу нафтапрадуктаў. Выплату прэмій за эканомію паліва і змазачных матэрыялаў і ўтрыманне сум з заработнай платы за перарасход іх неабходна праводзіць штомесячна.
З мэтай павышэння матэрыяльнай зацікаўленасці ў правядзенні веснавых палявых работ неабходна пашыраць практыку натуральнай аплаты. Выдаваць трактарыстам-машыністам у лік зарплаты зерне з разліку 3 кг за выкананую норма-змену на правядзенні яравой сяўбы (уключаючы падрыхтоўку глебы), а на работах па вывазцы арганічных і мінеральных угнаенняў (пагрузцы, разгрузцы, вывазцы, раскідванні) – 2 кг.


У выпадку неспрыяльных кліматычных умоў гаспадаркі могуць, у выглядзе выключэння,  зніжаць ва ўстаноўленым парадку нормы выпрацоўкі да 20 працэнтаў.
Для ажыццяўлення маральнага і матэрыяльнага стымулявання ўсіх катэгорый працуючых  патрэбна распрацоўваць умовы спаборніцтва сярод асобных работнікаў, а таксама сярод тэхналагічных звенняў, калектываў і брыгад.


Пасля завяршэння веснавых палявых работ і з’яўлення ўсходаў неабходна паўсямесна правесці агляд пасеваў і вызначыць пераможцаў. Пры ацэнцы пасеваў улічваецца выраўненасць палёў, аптымальная гушчыня і  раўнамернасць усходаў, іх чысціня, прамалінейнасць радкоў і іншыя фактары.
Валянціна Рыгораўна звярнула ўвагу на тое, што матэрыяльнае стымуляванне работнікаў ажыццяўляецца ў межах наяўных сродкаў сельгаспрадпрыемстваў.



Пакінуць адказ