ХУТКА Ў ПОЛЕ. ПРАДУГЛЕДЗЕЦЬ УСЁ ДА ДРАБНІЦ

Сельское хозяйство

Пытанне  падрыхтоўкі сельскагаспадарчых  арганізацый да веснавых палявых  работ  было вынесена на пасяджэнне  райвыканкама


У бягучым годзе гаспадаркам раёна неабходна пасеяць 5207 гектараў яравых зерневых і зернебабовых культур, 650 – бульбы, 90 – гародніны (30 — цыбулі). Пад кукурузу будзе адведзена 6500 гектараў, з якіх 1500 – на зерне. Пад кармавыя караняплоды адвядуць 205 гектараў.


Валавы збор зерневых павінен скласці 45600 тон. З гэтай мэтай восенню пасеялі 9793 гектары азімых, астатнюю плошчу зоймуць яравыя.
Каб выйсці на запланаваную ўраджайнасць, неабходна нарыхтаваць і ўнесці 260 тысяч тон арганікі. Па стану на 26 лютага нарыхтавана 224,1 тысячы тон, вывезена на палі – 221,2. Нізкімі тэмпамі вывозяць мясцовыя ўгнаенні хлебаробы КСУП “Пераможнік” (69,3%), КСУП “Малажынскі” (78,5%) да задання.
Даведзена яно і да абслугоўваючых арганізацый, але толькі УП “Брагінскае ПМС” справілася з заданнем, замест запланаваных 4,4 тысячы тон даставіла на палі 5,5. Адкрытае акцыянернае таварыства “Брагінаграсервіс” вывезла толькі 9,1 тысячы тон пры заданні 24. Усяго пад зябліва ўнесена 36,5 тысячы тон арганікі.
Па плану патрэбна правапнаваць 1500 гектараў кіслай глебы, па стану на 26 лютага работа выканана на 85 гектарах, што складае 6 працэнтаў да гадавога плана, і 28 – да плана І квартала.


Для правядзення сяўбы яравых неабходна мець азотных угнаенняў 3283 тоны дзеючага рэчыва, фосфарных – 950 тон, калійных – 3947. На сённяшні дзень азотных у наяўнасці 54 працэнты да патрэбнасці, фосфарных – 111, калійных – 129 працэнтаў.
У асенні перыяд азімая пшаніца хімічна праполана на ўсёй плошчы, азімае трыцікале – на 82 працэнтах плошчаў, жыта – на 65.
Усе гаспадаркі забяспечаны насеннем зерневых і зернебабовых у поўным аб’ёме. Хаця ў КСУП “Краснае” ёсць насенне нізкіх рэпрадукцый, якое неабходна замяніць.


А вось насення шматгадовых траў не хапае ў КСУП імя Жукава, “Брагінскі”, “Чамярыскі”, КСУП “Краснае” і “Камарынскі”. Выдзелены бабова-злакавыя сумесі, а таксама насенне люцэрны, якія неабходна выбраць, пачынаючы з 1 сакавіка, у МХП “Насенне траў”. Недастаючую колькасць насення неабходна закупіць у тэрмін да 15 сакавіка.


Падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі да веснавых палявых работ пачалася з 1 лістапада 2008 года. Былі распрацаваны праграмы і графікі рамонту, тэхніка прадэфектавана, створаны звенні.  Аднак не ўсе сельгасарганізацыі выканалі гэтую работу своечасова. У іх ліку — КСУП “Краснае”, імя Жукава, “Брагінка”, “Пераможнік», яны і да рамонту прыступілі пазней за іншых.


Для правядзення рамонтных работ спатрэбіцца 2355 млн. рублёў, на сённяшні дзень гаспадаркамі раёна затрачана 198 млн. рублёў уласных сродкаў і 277 млн. – з рэспубліканскага бюджэту. Яны былі атрыманы ў снежні 2008 года на рамонт зернеўборачных камбайнаў, які праводзіўся ў ААТ “Брагінаграсервіс” (101 млн.), а астатнія размеркаваны паміж сельгаспрадпрыемствамі для аплаты адрамантаваных вузлоў і агрэгатаў, набыцця запасных частак.


У час наведвання гаспадарак і азнаямлення з ходам рамонтных работ выяўляліся негатыўныя моманты па рамонту тэхнікі (майстэрні не ацяпляюцца, не захоўваецца графік работы, рамонт вядзецца марудна – па адной-дзве адзінкі тэхнікі ў месяц, своечасова не афармляюцца акты выхаду з рамонту). Гэта характэрна для КСУП імя Жукава, “Брагінка”, “Пераможнік”, “Краснае”, “Малажынскі”. Пытанне падрыхтоўкі да пасяўной кампаніі ў КСУП “Малажынскі” было разгледжана на савеце ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, на якім адзначаліся недахопы ў рабоце, устанаўліваліся тэрміны для іх ухілення, прапаноўвалася заслухаць кіраўніка гаспадаркі на чарговым выканкаме.


Выкананы графік здачы поўнакамплектнай тэхнікі, вузлоў і агрэгатаў на рамонтныя прадпрыемствы. Частка адрамантаваных, якія былі адпраўлены ў лістападзе–снежні 2008 года, паступіла ў гаспадаркі з удзешаўленнем кошту работ на 100 працэнтаў. Кошт тых,  якія знаходзяцца ў рамонце зараз, плануецца ўдзешавіць на 50 працэнтаў за сродкі бюджэту, астатнія 50 аплочвае заказчык.


На базе ААТ “Брагінаграсервіс” рамантуецца 9  зернеўборачных камбайнаў, на лінейцы гатоўнасці – 5, згодна з графікамі астатнія павінны быць гатовы да 1 красавіка.


За кошт сродкаў абласнога бюджэта плануецца закупка фільтроў, імпартных масел для правядзення тэхнічнага абслугоўвання энерганасычанай тэхнікі сіламі ААТ “Брагінаграсервіс”.


На правядзенне пасяўной неабходна набыць 1880 тон дызельнага паліва, 260 – аўтамабільнага бензіну, 150 тон розных масел. Па стану на 28.02.2009г. ёсць 53 тоны дызельнага паліва, 1 тона бензіну, 2,3 – масла.


Нягледзячы на цяжкае фінансавае становішча, неабходна стварыць запас паліва мінімум  на дзесяць дзён за кошт уласных сродкаў, каб весці бесперабойную работу ў полі.


Па разгледжанаму пытанню прынята адпаведнае рашэнне.


Н. СІНІЛАВА



Пакінуць адказ