ЗАТРАТЫ ДАВЯДЗЕЦЦА СКАРАЦІЦЬ,

Сельское хозяйство

АБ’ЁМЫ   ВЫТВОРЧАСЦІ —  ПАВЯЛІЧЫЦЬ


Сусветны   эканамічны   крызіс  закрануў  усе   галіны   народнай   гаспадаркі, адмоўны   ўплыў  яго  ў поўнай  меры   адчулі    і   сельгасвытворцы.   Як  неабходна   сёння   гаспадарыць,  каб   мець сродкі   і  на  развіццё вытворчасці,   і   на  заработную  плату?   У   гэтым   мы  паспрабавалі  разабрацца  з  начальнікам   планава-фінансавага   аддзела  райсельгасхарчу   В.Р. Дзегцярэнкай.


— Валянціна Рыгораўна, каб зразумець, у якіх пытаннях, у якой сферы дзейнасці не дапрацоўваюць сёння кіраўнікі і спецыялісты аграпрамысловага комплексу, што неабходна змяніць, каб быць паспяховымі і не мець даўгоў, давайце прааналізуем фінансава-эканамічнае  становішча сельгаспрадпрыемстваў раёна за мінулы год.


— Згодна. Пачну з галоўнага —  прыбытку. За 2008 год чысты прыбытак склаў 8 млрд. 577 млн. рублёў. Паказчык нядрэнны, калі параўнаць яго з вынікам 2007 года, а гэта ўсяго 3 млрд. 932 млн. Рэалізацыя сельгаспрадукцыі абярнулася прыбыткам у суме 50 млн. рублёў.
Пазалетась страты склалі 2 млрд. 82 млн. рублёў. З дзевяці гаспадарак (у 2007-м іх была яшчэ  такая колькасць) восем спрацавалі з прыбыткам, акрамя КСУП імя Жукава, які па выніках работы меў страты ў памеры 1 млрд. 578 млн. рублёў.


— Адкуль такія астранамічныя сумы?


— Звязана гэта з рэарганізацыяй, са спісаннем непрыгодных для эксплуатацыі будынкаў  і  іншых матэрыяльных  каштоўнасцей, махінацыямі  з  прывагамі буйной  рагатай жывёлы,  аб  чым паведамлялася  і  ў  газеце.
Але вернемся да рэалізацыі прадукцыі, у 2007-м шэсць гаспадарак атрымалі страты, а той жа КСУП імя Жукава – больш за ўсіх (1 млрд. 34 млн.), КСУП “Чамярыскі” – 675 млн. Кіраўніцтва гэтага прадпрыемства прыняло ўсе меры, каб у 2008-м не толькі ліквідаваць адставанне, але і атрымаць прыбытак у суме 50 млн. рублёў. Бясспрэчна, на фоне КСУП “Брагінскі”, у якога прыбытак склаў 493 млн., або КСУП “Малажынскі” (231 млн.), а таксама “Брагінкі” з яе 280 мільёнамі і “Камарынскага” (273) гэты паказчык выглядае сціпла, калі не браць пад увагу акалічнасць, якую я назвала вышэй.


—Ці вялікая запазычанасць па крэдытах? Некалькі слоў пра дапамогу, якую аказала дзяржава сельгасвытворцам нашага раёна.


— Крэдыторская запазычанасць на сённяшні дзень роўная 22 млрд. 489 млн. рублёў,   пазыкі – 32 млрд. 979 млн. Сумы гэтыя неабходна будзе вярнуць.
З боку дзяржавы з бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў выдзелена 19 млрд 347 млн. рублёў. У разліку на 100 гектараў сельгасугоддзяў прыпадае па 38 млн., у тым ліку КСУП “Чамярыскі” атрымаў 59,4 млн., “Брагінскі” – 51,5, “Малажынскі” – 36,6, імя Жукава – 35,2. Сродкі выдзяляліся на перааснашчэнне жывёлагадоўчых памяшканняў, набыццё сучаснай высокаэфектыўнай тэхнікі, рэарганізацыю (КСУП імя Жукава).


— З прыбыткам разабраліся. А якая атрымана выручка ад рэалізацыі без падаткаў?


— У суме 29 млрд. 165 млн. рублёў, а гэта, каб было зразумела, больш пазалеташняга на 58 працэнтаў (у 2007-м было 18 млрд. 400 млн.). Самая большая выручка ў працаўнікоў КСУП “Малажынскі” – 5,6 млрд., у “Чамярыскім” і “Брагінскім” – па 4,7 млрд., затое ў КСУП імя Жукава ўсяго 1,5.
На аднаго работніка, занятага ў аграпрамысловым комплексе раёна, яна складае 20 млн. рублёў пры заданні 25. І гэта нягледзячы на тое, што ў параўнанні з 2007-м вырасла на 22 працэнты.


—Няўжо ні адно сельгаспрадпрыемства не справілася з заданнем?


— Чаму, у КСУП “Брагінскі” на аднаго працаўніка прыпадае па 32,2 млн. выручкі, “Пераможнік” –25,2. Былі блізкія да гэтай лічбы калектывы “Чамярыскага” (23,4) і “Камарынскага” (23,6). Вельмі нізкая яна ў  КСУП імя Жукава, усяго 46 працэнтаў ад задання. Больш канкрэтна – па 11,5 млн. рублёў.


— Валянціна Рыгораўна, давайце пагаворым пра затраты і акупнасць іх выручкай. Што маем у гэтым плане?


— Затраты на вытворчасць сельгаспрадукцыі за мінулы год вымяраюцца лічбай 62 млрд. рублёў, рост да 2007-га – 134 працэнты. Акупнасць затрат выручкай – усяго 47 працэнтаў пры заданні 70. Яно цалкам рэальнае, такія патрабаванні дня сённяшняга і складанай сітуацыі ў эканоміцы. Што маем на справе? Вышэй сярэднераённай лічбы выручка ў КСУП “Чамярыскі” – 60 працэнтаў, “Малажынскі” – 59,1, а таксама ў КСУП “Камарынскі”, “Брагінскі” і “Пераможнік”. І зноў жа, у КСУП імя Жукава – толькі 33,5 працэнта, “Брагінка” і “Дублінскі” – па 37.


— Давайце паглядзім у разрэзе сельгаскультур. Якая была летась найбольш рэнтабельнай?


— Вытворчасць і рэалізацыя зерня прынесла раёну прыбытак у суме 404 млн. рублёў пры рэнтабельнасці 6,4 працэнта. Найбольшы прыбытак у малажынцаў – 395 млн., на жаль, дзве гаспадаркі – КСУП імя Жукава і “Пераможнік” – атрымалі ад рэалізацыі зерня страты, першы – у суме 237 млн., другі – 58.
Традыцыйная беларуская культура, “другі хлеб”, даў страты ў суме 68 млн., рэнтабельнасць таксама мінусавая. Станоўчая толькі ў тых,  хто змог атрымаць высокую ўраджайнасць бульбы. А гэта – КСУП “Брагінка”, дзе рэнтабельнасць — плюс 62,8 працэнта, і “Малажынскі”(49,1). КСУП “Дублінскі” і імя Жукава маюць адмоўную рэнтабельнасць і вялікія страты.
Прыбытковай аказалася і гародніна, “Брагінцы” прынесла ў касу 91 млн. прыбытку, да слова, ён быў бы на многа большы, калі б удалося рэалізаваць усю вырашчаную цыбулю. На даны момант на складзе знаходзіцца 500 тон каштоўнай вітаміннай прадукцыі. Дадатковы даход прынеслі сталовыя караняплоды і чамярысцам у суме 10 млн. рублёў.


— І ўсё ж, якая прадукцыя з’яўляецца для раёна стратэгічна значымай, цягне ўсю эканоміку?


— Бясспрэчна, гэта малако. Ад яго рэалізацыі маем 1 млрд. 268 млн. прыбытку пры рэнтабельнасці 11,8 працэнта. Самае рэнтабельнае яно ў КСУП “Пераможнік” – 37 працэнтаў, і ў  “Брагінскім” — 33,9. КСУП імя Жукава, наадварот, атрымаў 588 млн. рублёў страт пры адмоўнай рэнтабельнасці (мінус 33,9 працэнта). Гэтыя “мінусы” можна растлумачыць высокімі затратамі на вытворчасць прадукцыі. Удумайцеся: сабекошт адной тоны малака тут – 787 тысяч пры сярэднераённым паказчыку 551, да ўсяго жывёлаводы “ўмудрыліся” прадаць першым гатункам 33,5 працэнта малака, цэны на якое невысокія.


— Мяса па-ранейшаму стратнае, і свініна, і ялавічына?


— Як ні сумна канстатаваць, пакуль так. Усе гаспадаркі раёна маюць страты ад рэалізацыі мяса буйной рагатай жывёлы, свіней. Толькі дзве лічбы для супастаўлення. Выручка ад рэалізацыі свініны – 254 млн., затраты – 458. На кожным укладзеным рублі страчана 46,7 капейкі, а ў КСУП імя Жукава – і таго больш.   


— Які напрошваецца з усяго гэтага вывад? Здаецца, і поспехі ёсць, але ж і ўпушчэнняў, недапрацовак шмат.


— Неабходна навесці парадак на вытворчасці, скараціць затраты, павялічыць аб’ёмы паставак прадукцыі. Для гэтага ў раёне ёсць усе ўмовы: адказныя спецыялісты, жаданне працаваць, матэрыяльныя рэсурсы. Пагалоўе жывёлы ў параўнанні з мінулагоднім павялічылася, на зімова-стойлавы перыяд нарыхтавана больш кармоў.  Што патрэбна? Па-першае, дысціпліна, парадак, па-другое, самая строгая эканомія ўсяго – гаруча-змазачных матэрыялаў, электраэнергіі, запчастак, беражлівыя адносіны да тэхнікі. Хіба гэта нармальна, што ў структуры затрат на вытворчасць малака і мяса  кармы займаюць 60 працэнтаў? Значыць, не збалансаваны па пратэіну, іншых пажыўных элементах. Дзе прынцыповасць і кантроль зааветспецыялістаў? Ды і над пытаннямі якасці неабходна працаваць пастаянна. Хаця попыт на прадукцыю палёў і ферм упаў, не трэба забываць простую ісціну: больш атрымаем – больш прададзім і будзем мець сродкі і на высокую заработную плату, і на новыя сельгасмашыны, і на ўкараненне сучасных тэхналогій, рэканструкцыю памяшканняў. Межаў для ўдасканалення няма, трэба быць, як ніколі, празорлівымі, ашчаднымі і дбайнымі.


Гутарыла  Н.СІНІЛАВА



Добавить комментарий