ЗАХАВАЛЬНІКІ СПАДЧЫНЫ

Общество

На мінулым тыдні для работнікаў культуры і мастацтва Брагінскага раёна быў праведзены семінар на тэму: “Адраджэнне і захаванне мясцовай абраднасці”.  Аб тым, якая работа ў гэтым напрамку вядзецца ў раёне, рассказала галоўны спецыяліст  Л.А. Дубатдзел.



— Нацыянальныя традыцыі і абрады, без перабольшвання, можна назваць вечнымі, надзейнымі і, нарэшце, прыгожымі арыенцірамі ў жыцці чалавецтва. На іх выхавана не адно пакаленне людзей, яны ўзбагачаюць нашу душу, сэрца, побыт.  І задача ўстаноў культуры  – дапамагчы імкненню насельніцтва займець сваю спадчыну, захаваць і развіваць народнае мастацтва.


Стала традыцыйным у нашым раёне праводзіць дні вёсак і  прастольныя святы. Толькі ў мінулым годзе іх было арганізавана каля дваццаці. Мясцовым жыхарам расказалі пра гістарычнае мінулае іх населенага пункта. Арганізатары мерапрыемстваў віншавалі, дарылі каштоўныя і музычныя падарункі мнагадзетным сем’ям, добрым гаспадыням, самым сталым і самым маленькім жыхарам.


Шырока ў раёне адзначаюцца Каляды, Вадохрышча, Вялікдзень,  Купалле, Спас, Дажынкі і інш. І ўсюды свае асаблівасці ў правядзенні гэтых свят, адзначаныя мясцовым каларытам.


Напрыклад, у вёсцы  Карлаўка ў час калядавання акрамя просьбы пашчадраваць звычайна гаварылі: “Мы не самі ідзём, мы казу вядзём”. А вось у Новай Іёлчы на стары Новы год не толькі вадзілі казу, а і зорку насілі. Як яшчэ расказаў загадчык мясцовага сельскага клуба В.І. Малеваны, у гэты дзень жанчыны клалі на стол немалочаную салому, накрывалі абрусам і малацілі хто чым: лыжкай ці кулаком. Потым лічылі зярняткі. Хто больш намалаціў, у таго будзе добры ўраджай.


Са старажытных часоў на Вадохрышча, 19 студзеня, нашы продкі спачатку ўсім сялом ішлі ў царкву, а потым — на рэчку.  Рабілі вялікі крыж са снегу ці лёду і палівалі яго бураковым расолам, каб быў чырвонага колеру. Побач ставілі бочку з вадой, якую асвячаў святар.  Яшчэ ў гэты дзень кашу варылі, мароза гукалі, а маладыя дзяўчаты варажылі. У Зарэччы, напрыклад, спачатку гатавалі куццю, потым гаспадар выходзіў на ганак і гукаў: “Дзед Мароз, ідзі гушчу есці”.  Рэшткі кашы аддавалі курам, каб добрыя яйкі неслі.


Фальклорна-этнаграфічны комплекс Масленіцы вылучаецца тым, што менавіта ў гэты час гукалі вясну. У летапісах абрадаў в. Чамярысы (дырэктар СДК М.Р. Фалей) гаворыцца, што вечарамі моладзь збіралася разам, і хлопцы на ролю вясны выбіралі самую прыгожую дзяўчыну. У Бурках на гэтае свята зяць ездзіў да цешчы на бліны. Яшчэ вяскоўцы рабілі са снегу горку, палівалі яе вадой і коўзаліся (дырэктар Буркоўскага СДК А.П. Раманюк).


Матэрыял аб святкаванні Масленіцы ў райцэнтры сабраны метадыстам раённага Дома культуры С.П. Русак. У гэты дзень брагінчане спальваюць пудзіла зімы, водзяць карагоды, варожаць на блінах,  просяць адзін у аднаго прабачэння.


Свята Цаліград адзначаецца 24 мая ў Чамярысах. Архіўныя матэрыялы сведчаць аб тым, што ў гэты дзень людзі маліліся, каб Бог захаваў іх палі ад граду. У вёску з’язджаліся родзічы, у дварах выстаўляліся сталы з ежаю, і, як казалі старажылы: “вуліцы цвілі ад людзей”.


Купалле прыпадае на час летняга сонцастаяння. Багаты вопыт у правядзенні гэтага свята ў камарынцаў. Да нашых дзён захаваліся такія рытуалы, як запальванне вогнішча, кіданне вянкоў у ваду, пошук папараць-кветкі, спяванне купальскіх песень.


Творчым калектывам Бярозкаўскага сельскага клуба (дырэктар І.В. Дзяцел) сабраны багаты матэрыял па правядзенню зажынак. Сталыя жанчыны, спяваючы, зажыналі першы сноп, які потым называлі “гаспадаром”,   чыталі перад ім  малітву і ставілі ў чырвоны кут.


Традыцыйным у нашым раёне ўжо стала святкаванне дажынак, у якім прысутнічаюць абрады ўпрыгожвання апошняга снапа, вітання восені, пашаны ўраджаю. Спяваюцца  песні, праслаўляюцца лепшыя працаўнікі жніва.


Яблычны Спас адзначаюць у Бурках і Сяльцы. Вядома, што да 19 жніўня нашы продкі яблык не елі. Садавіну спачатку свяцілі, а двор макам абсыпалі, каб нечысць сышла. У гэты дзень казалі: “Прыйшоў Спас – расці капуста ў запас”.


Этнаграфічныя музеі, дзе сабраны старадаўнія рэчы  створаны ва многіх сельскіх Дамах культуры і клубах раёна. У Сялецкім СК ужо некалькі гадоў працуе куток народнага побыту “Сялянская хатка”. Тут жа ёсць міні-музей хлеба.  А ў “Духмяным музеі” можна ўбачыць больш 50 лекавых траў, якія калісьці збіралі нашы бабулі.
У новаіялчанскай установе культуры, акрамя ўсяго, ёсць цікавы зборнік “Рушнікі Камарыншчыны”, у якім запісаны народныя прымаўкі, прыказкі, замовы.  Гонарам раёна з’яўляецца і народны калектыў “Карлаўчанка” (Карлаўскі СК).


Напрыканцы Любоў Аляксандраўна прызвала ўсіх актывізаваць работу па адраджэнню і захаванню мясцовай абраднасці.


У  семінары таксама прынялі ўдзел начальнік аддзела культуры Л.А. Пятніцкая, дырэктар раёнай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Г.Г. Карпенка, выконваючы абавязкі дырэктара раённага метадычнага цэнтра С.А. Даўгулявец.


У  гэты ж дзень быў арганізаваны прагляд абрадавых праграм “З народных крыніц”. Свае  работы прадэманстравалі Брагінскі раённы Дом культуры (“Масленіца”) і Камарынскі гарадскі Дом культуры (“Троіца”).  Старажытныя народныя касцюмы і рушнікі ўдзельнікі  мерапрыемства змаглі ўбачыць пры наведванні Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй.


В. ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ