АКТЫЎНАСЦІ НЕ ЗАЙМАЦЬ

Общество


Традыцыя правядзення рэспубліканскіх суботнікаў, закладзеная яшчэ ў мінулым стагоддзі, працягваецца і сёння. Праўда, ужо без камуністычнага пафасу, гучных лозунгаў, але ж па-ранейшаму пры актыўным удзеле працоўных калектываў і пенсіянераў, грамадскіх арганізацый. Людзі разумеюць, што пасля зімы неабходна навесці парадак у двары, каля пад’езда, дома, на пляцоўцы. З асаблівай пашанай адносяцца да месц масавых захаванняў загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны воінаў-вызваліцеляў і землякоў, прыводзяць іх у парадак.


Вясна для хлебаробаў – час асабліва напружаны, ідзе сяўба яравых, вядзецца падрыхтоўка глебы пад прапашныя культуры. Хутка прыступяць да пасадкі бульбы. Дапамогу ў пераборцы клубняў неабходна аказаць і ім. Адным словам, работы хапала ўсім.


Некаторыя, не чакаючы суботы 11 красавіка, высадзілі кветкі пад вокнамі шматпавярховых дамоў, дзе жывуць, каб потым імі любаваліся прахожыя, удыхалі водар пенсіянеры, якія сядзяць вечарам на лаўцы.


Што датычыцца калектываў арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў, то многія, як і было прапанавана, выехалі ў падшэфныя гаспадаркі, заняліся добраўпарадкаваннем замацаваных тэрыторый, паркаў, могілак.


Асабліва было ажыўлена ў Камарыне, які, па-сутнасці, перажывае другое нараджэнне. Прадстаўнікі ўстаноў культуры, аховы здароўя, гандлю, грамадскага аб’яднання “БРСМ” працавалі на розных аб’ектах, дзе неабходна было прыкласці рукі.


Па папярэдніх падліках, у рэспубліканскім суботніку ўдзельнічала звыш шасці тысяч чалавек, на спецыяльны рахунак будзе пералічана 36,8 млн. рублёў.


Жыхары раёна заўсёды вызначаліся актыўнасцю, пачуццём свядомасці, якія асабліва праяўляюцца ў час масавых мерапрыемстваў, такіх, як выбары, суботнікі. Вернымі сабе былі яны і на гэты раз.


Н. МІХАЙЛАВА


На здымку: працавалі з агеньчыкам.



Пакінуць адказ