БАЦЬКОЎСКАЕ ШЧАСЦЕ

Общество

Вясёлыя і гарэзлівыя, дапытлівыя і сціплыя. Самая вялікая радасць, гонар і надзея – нашы дзеці. Што можа быць даражэй іх? 


І для Алены Валер’еўны Цыбулі, маладой маці з вёскі Малейкі, таксама самае галоўнае, каб яе двое сыноў і дачурка раслі здаровымі, сталі выхаванымі, разумнымі, сумленнымі людзьмі. Тады і на душы будзе спакойна.


Яна, праўда, і не думала, што некалі ў яе будзе мнагадзетная сям’я. Марыла пра дваіх. Але, калі нарадзіліся хлопчыкі, захацелася, каб у доме з’явілася яшчэ і дзяўчынка. Тым больш, што ва ўсіх справах і турботах ёсць на каго абаперціся – з мужам Алегам пашчасціла: любячы, уважлівы і гаспадарлівы, цудоўны бацька. І цяпер іх ужо пяцёра. Трывалая, дружная маладая сям’я, у якой пануе і каханне, і давер, і ўзаемазгода, а поруч з клопатамі ўсё-такі дабавілася і светлых уражанняў, пачуццяў, радасных момантаў у жыцці.


З прыкметным мацярынскім гонарам і пяшчотай Алена расказвае пра кожнага са сваіх  дзяцей. “Старэйшы, Саша, больш спакойны, захапляецца музыкай. Сямігадовы Юра – сапраўдны непаседа: жвавы, спрытны. А Дашка наша, — усміхаецца маці, — пакуль яшчэ плакса. Хаця хлопчыкі ў ёй душы не чуюць, дагаджаюць і ідуць на ўступ ва ўсім”.


Такія вось яны, зусім розныя і аднолькава любімыя. Бацькоўскае шчасце, якога не заменяць ніякія матэрыяльныя даброты.  Алена і Алег гэтым умеюць па-сапраўднаму даражыць.


В. БЕЛЬЧАНКА


На здымку: разам з меншымі дзецьмі.


Фота В. ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ