ДАСТОЙНАЕ ВЫСТУПЛЕННЕ – ДАСТОЙНАЯ ЎЗНАГАРОДА

Общество

Высокі ўзровень выканаўчага майстэрства і сцэнічная культура народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Бравіа” Брагінскага РДК адзначаны дыпломамі аддзела культуры Гомельскага гарвыканкама. Віншуем!


Субота, 11 красавіка. Менавіта ў гэты дзень ВІА “Бравіа” давялося трымаць сапраўдны экзамен — у ліку 17 калектываў змагаўся за перамогу ў другім адкрытым конкурсе вакальна-інструментальных ансамбляў “Студэнцкі шлягер”, прысвечаны памяці У. Мулявіна. І, на вялікую радасць, выступіў на “ўра”.


Згодна з распрацаванымі ўмовамі і патрабаваннямі, на суд журы пад старшынствам мастацкага кіраўніка ДУ “Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” В. Шарапава было вынесена выкананне трох твораў: шлягера 90-х – брагінчане спынілі свой выбар на песні В. Дабрыніна на словы Л. Дзербянёва “Родная зямля”, на вольную тэму – гучала мелодыя Р. Паулса з кінафільма “Доўгая дарога ў дзюнах” і песні У. Мулявіна, у апрацоўцы якога прапанавалі ўвазе беларускую народную “Касіў Васіль сена”. У выніку – выхад у фінал. Разам з яшчэ 9 калектывамі (за выключэннем веткаўскага, усе – гомельскія) трапілі ў “дзесятку” лепшых. Але толькі  пяць з іх, у тым ліку і “Бравіа”, заваявалі права стаць удзельнікамі гала-канцэрта, які запоўніў гледачамі ўсю залу Палаца культуры “Фестывальны”.


Прычым на адной сцэне з калектывамі  выступалі “Песняры”, і ў адным з выконваемых імі твораў саліраваў на саксафоне кіраўнік нашага ансамбля В. Клімовіч.
Дастойныя ўзнагароды – два дыпломы аддзела культуры Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта: у намінацыі “За высокі ўзровень выканаўчага майстэрства” і “Сцэнічная культура” народны ансамбль Брагінскага РДК атрымаў з рук старшыні  абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Ц. І. Глушакова.


А Вячаслаў Шарапаў трапна прыкмеціў, што меркаванне журы тут адыгрывала не рашаючую ролю – выбар зрабіла зала: такім авацыям гледачоў можна было толькі па-добраму пазайздросціць.


Шчодрым падарункам ВІА «Бравіа» сталі DVD-прайгравальнік і мікрафонная стойка.


В. БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ