ГРАМАДСКІ СТАТАК ВЫЙШАЎ НА АЗІМЫЯ

Сельское хозяйство

Красавіцкае сонца з кожным днём усё больш прагравае зямлю. Трава на пашавых угоддзях хутка ідзе ў рост, што дазваляе вывесці грамадскі статак з хлявоў. Каб не дапусціць рэзкага спаду вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, важна ўмець пераадолець гэты перыяд, дакладна арганізаваць перавод на пашавае ўтрыманне.


Як адзначыў галоўны заатэхнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання П.В. Пінчук, першымі пачалі пасвіць жывёлу на азімым жыце ў КСУП “Пераможнік”. У канцы мінулага тыдня далучыліся да іх КСУП “Брагінка” і  “Дублінскі”. Цяпер на сакавітых палетках пасвіцца 11 статкаў, а гэта значыць, каля дзвюх тысяч галоў.
На 6 красавіка не выгналі жывёлу з хлявоў на азімае жыта толькі ў КСУП “Брагінскі” і “Чамярыскі”.


Па словах спецыяліста, у кожнай гаспадарцы адведзены ўчасткі для скормлівання. У гэтыя красавіцкія дні зялёная маса ўтрымлівае максімальную колькасць пажыўных рэчываў. Прывучаюць кароў да пасьбы паступова. У першыя дні яны знаходзяцца на пашы некалькі гадзін.
Да летне-пашавага перыяду ўтрымання грамадскага статка ўсімі гаспадаркамі закуплены электраагароджы, камплекты да іх, што дазволіць арганізаваць загонны метад пасьбы і больш эфектыўна выкарыстоўваць пашу.


У цэлым па раёну вытворчасць малака да ўзроўню мінулага года складае 110 %, таварнасць – 83%. Больш усіх ад каровы надойваюць жывёлаводы КСУП “Брагінскі” – 15,  “Пераможнік” – 14,3, “Чамярыскі” – 13,5 (пры сярэднераённым паказчыку – 12,3 кг).


Т. ЦІШКЕВІЧ



Пакінуць адказ