КЛАПАТЛІВЫМ, ПРАЦАВІТЫМ, УМЕЛЫМ РУКАМ ПАДУЛАДНА ЎСЁ

Общество

Выдатная гаспадыня, кулінарка, майстрыха, у былым – настаўніца, старшыня сельсавета. І проста абаяльная жанчына… Што тут скажаш – багатая на цудоўных людзей наша палеская зямля.


Увесь хрысціянскі люд у прадчуванні блізкага прыходу самага значнага і светлага свята – Вялікадня. Калі чалавечая душа нібы раствараецца і памякчаецца ў цёплых промнях Хрыстовай любові і людзі ўсё больш адчуваюць жывую, сардэчную сувязь са Збавіцелем свету. Як і было спрадвеку, рыхтуюцца да гэтай урачыстасці загадзя, асабліва – у вёсцы, дзе ўсё-такі  яскравей праяўляецца павага да народных  звычаяў, мацней стаіць праваслаўная вера.


Спяшаецца прыдаць прыгожы выгляд свайму дому і Ніна Мікалаеўна Музычэнка з Крыўчы. Ужо пабелены столі, памыты фіранкі, але спраў яшчэ хапае, парадак і ідэальную чысціню патрэбна паспець навесці паўсюль. Да кожнага хатняга куточка, як і належыць, гаспадыня хоча прыкласці свае клапатлівыя рукі. Ды і на падворку, уласных сотках час распачынаць работу – Дабравешчанне “адамкнула” зямлю. На падаконніках Ніны Мікалаеўны ўжо ва ўсю набіраецца сіл расада: памідоры, перац, кветкі – іх любіць асабліва. Адных толькі гладыёлусаў – дзесяць сартоў! А ўсіх — і не злічыш: цюльпаны, астры, цыніі, аксаміткі, півоні, настуркі… Нават падснежнікі ёсць. Так што ў самых розных красках двор і прылягаючая да яго тэрыторыя з ранняй вясны да позняй восені. А фантазіі, як лепш аформіць клумбы, жанчыне не займаць – да месца і пластыкавыя бутэлькі, і звычайныя цэлафанавыя мяшкі. І падвязаныя да слупоў  шнуры таксама ў цёплую пару абвіваюць кветкі-прыгажуні.


Яны ж леглі і ў аснову створаных рукамі жанчыны творчых работ – яшчэ з дзяцінства прыкіпела душой да вышыўкі, і з таго часу не развітваецца з гэтым спрадвечным, не згубіўшым сябе ў стагоддзях, народным  промыслам. Назіраючы, як займаецца рукадзеллем маці, употай паспрабавала і сама – атрымалася. Нічога, што першая вышытая крыжыкам ружа, якой упрыгожыла дарожку, атрымалася несіметрычнай. Майстэрства адшліфавалася з цягам часу, у працэсе работы. Захапілася, было, таксама “маляваць” узоры з дапамогай спецыяльнай іголкі і нітак, утвараючы на зваротным баку тканіны пяцелькі, якія “падстрыгаліся”, і ў выніку атрымліваўся шыкоўны дыван. Але вышыўка, у адрозненне ад гэтага, заняла ў жыцці Ніны Мікалаеўны асаблівае месца – ад яе жанчына і па сённяшні дзень атрымлівае сапраўдную асалоду, надзвычайнае задавальненне. І таму можа за любімай справай сядзець гадзінамі, да глыбокай ночы. А капілка рукатворных работ папаўняецца ўсё новымі ўзорамі народнага мастацтва, якімі гаспадыня не толькі ўпрыгожвае свой дом — шчодра дорыць на добрую памяць і радасць іншым.


Хіба не прыемна было пабачыць у час гасцявання ў Германіі на стале замежных сяброў, з якімі сям’я Музычэнкаў падтрымлівае цесную сувязь ужо на працягу доўгіх год, падораны некалі абрус, расквечаны блакітнымі вочкамі васількоў? Там усё-такі, як прыкмеціла Ніна Мікалаеўна, жанчыны хоць і захапляюцца вышываннем, да нашага майстэрства ў гэтай справе ім далёка. Таму, напэўна, і маюць асаблівую каштоўнасць рэчы, да якіх дакраналіся рукі беларускіх майстрых. Такія непаўторныя, індывідуальныя.


Ды і на Радаўніцу да магілак родных Ніна Мікалаеўна таксама накіроўваецца амаль штогод з вынікамі сваёй крапатлівай працы —  вышытымі ручнікамі. А зараз, дарэчы, ужо распачала новую работу —  пераўтварае звычайную мешкавіну ў кветкавую паляну. Будзе пакрывала, якім ужо даўно задумала заслаць канапу. І яшчэ марыць аздобіць узорамі ручнікі да замужжа сваіх унучак, каб з імі сустракалі хлебам-соллю маладых. Няхай вось толькі палепшыцца самаадчуванне мужа, якому зараз патрэбен асаблівы догляд (здароўе ўсё-такі даражэй), — і за справу.


Майстэрства Ніны Мікалаеўны, дарэчы, прыкмецілі ў свой час і калегі, даручыўшы настаўніцы біялогіі выкладаць працоўнае абслугоўванне, у чым ніколькі не памыліліся. Бацькі ад душы дзякавалі, што навучыла іх дзяцей і шыць, і шкарпэткі вязаць, і гатаваць. А як жа! У вёсцы яе дагэтуль называюць “інжынерам па кулінарыі” – умелы кандытар, за дапамогай якога звяртаюцца пры падрыхтоўцы любой сямейнай урачыстасці, будзь то вяселле, хрэсьбіны ці провады ў армію. Майстэрства выпякання пераняла  таксама ад маці, і зараз гэта для яе яшчэ адно хобі: з задавальненнем гатуе, цікавіцца новымі рэцэптамі, эксперыментуе сама.
Семнаццаць гадоў аддала мясцовай школе, а ў 1985-м даверылі Н. М. Музычэнцы ўзначаліць Крыўчанскі сельскі Савет, у складзе якога налічвалася каля дзесяці населеных пунктаў, жыхароў – звыш тысячы. І хто б мог прадбачыць, што праз год каля сцен гэтай школы будзе стаяць людскі плач, роспач і адчай. Чорная хмара навісла над зямлёй… Усіх дзяцей (самых маленькіх – з маці) пасадзілі тады ў аўтобусы і павезлі. Падалей ад палыну.


А ў дзень святога Вялікадня з роднага Залесся патэлефанавала  ўся ў слязах маці: “Вёску высяляюць”. І Ніна Мікалаеўна – туды. Па дарозе толькі і бачыла, як у двух напрамках едуць і едуць грузавыя машыны са збітымі наспех  бартамі: у вёску – пустыя, а з яе – з людзьмі і жывёлай. У самім Залессі паніка, жыхары не ведаюць, што хапаць, наваколле разрываецца ад галашэнняў, у перапалоху каровы, свінні, куры… Людзей абавязваюць пакідаць хаты, жывёлу выганяюць і сілком грузяць у машыны. Жудаснае, страшнае слова – “эвакуацыя”. Больш сюды не вернецца ніхто…


Ніна Мікалаеўна аб тых падзеях і праз трынаццаць год успамінае са слязамі на вачах: “Як у вайну. Жахліва, страшна. Такога душэўнага болю і крыку словамі не перадаць.”


Сваіх бацькоў яна забрала да сябе, у Крыўчу (на той момант у Ніны Мікалаеўны ўжо была свая сям’я). А з цягам часу, як пацярпелым, ім выдзелілі і кватэру ў Гомеле, ды да новага месца доўга не маглі прывыкнуць. “Хоць бы кавалачак зямлі ды кароўку”, – скардзілася ўсё маці. Такія яны, людзі вясковыя. Без гаспадаркі не ўяўляюць свайго жыцця.


Тады крыўчане далі часовы прытулак у сваіх сем’ях многім жыхарам з выселеных вёсак. Бяда ўсё-такі збліжае, аб’ядноўвае людзей, раскрывае іх лепшыя чалавечыя якасці – у гэтым не на словах упэўнілася былая старшыня сельсавета. Хоць і цяжкі быў перыяд, але ўсе жылі дружнай сям’ёй. Дапамагалі, падтрымлівалі адзін аднаго, прыходзілі на выручку.


І перажылі. Чарнобыль навучыў нас быць больш цярплівымі, міласэрнымі, чулымі, яшчэ больш шанаваць родныя мясціны. Ніна Мікалаеўна і Уладзімір Лявонавіч Музычэнкі гэта адчуваюць душой, і іх жыццё нават зараз, у перыяд новых эканамічных рэалій, ніколькі не змянілася. З-за паўсядзённых турбот, як кажуць, няма калі і думаць пра нейкі там крызіс, тым больш, што на стале амаль усё сваё, з уласнай гаспадаркі. Было б толькі здароўе, каб дапамагаць дзецям, унукам, ахінаць клопатам і рабіць прыгажэйшай сваю зямлю. А яна, як маці сваіх сыноў і дачок, заўсёды сагрэе і абароніць, яна – высакародная: прывыкла на дабро адказваць тым жа.


В. БЕЛЬЧАНКА
Фота В. ПАЛЯШЧУК


 



Пакінуць адказ