МОЛАДЗЬ ДАВЕР АПРАЎДВАЕ

Общество

Большасць спецыялістаў ужо адпрацавалі два гады, абзавяліся сем’ямі, атрымалі жыллё, пусцілі свае карані на малажынскай зямлі. Некаторыя юнакі і дзяўчаты адразу пасля заканчэння школы прыйшлі ў гаспадарку. Тут заўсёды рады  працавітым рукам, з ахвотай прымаюць у калектыў, стараюцца дапамагчы, падтрымаць. І моладзь не падводзіць.


Не першы год становяцца пераможцамі раённага спаборніцтва на жніве браты Міхаіл і Аляксандр Калясаны. Слоў павагі заслугоўвае і Аляксандр Давыдоўскі, які працуе на малакавозе. Ні адна пасяўная, ні адна корманарыхтоўка не праходзіць без удзелу Андрэя Гуза і Дзмітрыя Трыхлеба. З жывёлагадоўляй звязала сваё жыццё Наталля Калясан, якая працуе аператарам машыннага даення на МТФ “Рытаў”.


Пасля заканчэння Рэчыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа больш двух гадоў назад прыйшла ў калектыў Ірына Карнічэнка. Яна загадвае малочнатаварнай фермай “Малажын”. Пры размеркаванні накіравалі ў гаспадарку і Аляксандра Музычэнку, ураджэнца г.п. Камарын. Яму  даверылі ўзначаліць МТФ “Пераносы”. Тут жа да нараджэння дзіцяці працавала заатэхнікам-селекцыянерам і яго жонка. Цяпер маладая сям’я жыве ў прасторным добраўпарадкаваным доме, які выдзеліла гаспадарка.


У мінулым годзе папоўнілі дружны калектыў бухгалтароў Надзея Байкова і Ілля Капейкін. Яны – выпускнікі адной навучальнай установы – Гомельскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. Прынялі маладых спецыялістаў з цеплынёй, вопытныя бухгалтары заўсёды прыхозяць на дапамогу. Жыллём пастараліся забяспечыць: Ілля ўладкаваўся ў інтэрнаце, а Надзея пакуль на кватэры. Сёлета ў сельгаспрадпрыемстве запланавана пабудаваць пяць добраўпарадкаваных дамоў. Значыць, ёсць надзея, што жыллё для моладзі будзе. У аграгарадку створаны нармальныя сацыяльна-бытавыя ўмовы для  жыцця. Вось-вось пасля капітальнага рамонту адчыніць дзверы культурная ўстанова. Таму і не збіраецца моладзь пакідаць вёску.


Т. ЦІШКЕВІЧ


На здымку: маладыя спецыялісты КСУП “Малажынскі” Ілля Капейкін  і Надзея Байкова.
Фота В. ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ