ПЯКУЧЫ БОЛЬ, НЕЎМІРУЧАЯ ПАМЯЦЬ

Общество

Фашысты прыйшлі знянацку. І ранішнюю цішыню адразу ж парушыў крык, гвалт, лямант. Па ўсёй вёсцы  пакаціўся перапалох. Людзей выганялі з хат, а самых непакорлівых расстрэльвалі на месцы. Супраць мірнага насельніцтва пачаўся жорсткі тэрор.


Дзесяцігадовая дзяўчынка першым чынам чамусьці кінулася ў хлеў. Выратоўваць… парася — пашкадавала, што загубяць малое, і таму ў агульнай калоне ішла з ім на руках. Да самай вёскі Вулкан, куды ўсіх гналі з роднай Удалёўкі нелюдзі з сабакамі. А там – у хлеў. Тых, хто спрабаваў уцячы, даганялі варожыя кулі. Думка была адна: спаляць, як, па чутках, абышліся з жыхарамі Лубенікоў. Паніка не пакідала людзей усю ноч. Стаяла жудаснае, неперадавальнае словамі галашэнне, вяскоўцы ўжо развітваліся з жыццём.


Але назаўтра павялі зноў.  Прыпынак зрабілі ў Холмечы, а потым – на Рэчыцу. Нявольнікаў пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі ў Германію. Што чакае там, на чужыне, – не ведаў ніхто…


Ужо столькі гадоў мінула з таго жудаснага часу, а Яўгенія Паўлаўна Котчанка дагэтуль не можа ўспамінаць аб сваім дзяцінстве без слёз. Балюча. Колькі магло б быць радаснага і светлага, колькі б запаветных мараў ажыццявілася, каб не абарвалася мірнае жыццё. Ды наканавана было іншае — яшчэ з маленства спазнаць і голад, і страты, і страх, і разлуку. Што, у рэшце рэшт, магла несці вайна?


Бацька і брат на той момант ужо былі на фронце. А адной  з траіх сясцёр, старэйшай, пашчасціла ад ворагаў уцячы – у Германію не трапіла, хавалася ў лесе. Яўгенію ж разам  з 11 аднавяскоўцамі высадзілі з вагона на паўднёвым усходзе нямеччыны, у Бауцэне, а не ў Дрэздэне, як астатніх.


Нявольнікі трапілі ў распараджэнне нямецкага бауэра, на якого працавалі цэлымі сем’ямі, і не толькі з Беларусі. З раніцы да позняга вечара  — у полі, даглядалі гаспадарку. А Яўгенія была ў адказе за меншых дзяцей. І як “выхавальніца”, аднойчы не дагледзела чатырохгадовую дзяўчынку, якая выпала з трэцяга паверха дома. Перапалохалася тады – страх! Ды, на шчасце, малая засталася жывой, і нават нічога не пашкодзіла. Пра гэты выпадак і сёння вязніца расказвае з дрыжаннем у голасе.


А якое было харчаванне? Бохан хлеба — на дванаццаць чалавек, кіслая бульба, бручка, баланда… І дзецям, і дарослым. Жудасць. Але ж хныкаць, скардзіцца некаму. Заставалася толькі цярпець ды чакаць. І яны дачакаліся.


Спачатку, праўда, было няўцям, чаму гэта гаспадар, нічога не паведаміўшы, забраў жонку, сваіх дзяцей — і толькі яго і бачылі. А потым, калі пачулі стрэлы і ў двары з’явіліся савецкія танкі, зразумелі: вызваліцелі! Нарэшце будзе і спакой, і незалежнасць, і бацькоўскі дом.


Вось толькі ад роднай вёскі, куды вярнулася Яўгенія, засталіся адны чорныя галавешкі. Таму з Лоеўскага раёна  сям’і давялося перабрацца ў суседні, Брагінскі, дзе жылі сваякі – у Тэльман. Пачалі ладзіць новае жыццё. А наколькі цяжка і складана было ў пасляваенны час – гаварыць няма патрэбы.


Каб не змарыў голад, выконваць цяжкую, бывала, нават непасільную працу даводзілася і дзецям, тым больш, у вялікай сям’і. Бо разлік праводзіўся прадуктамі харчавання. І Яўгенія таксама не магла сядзець без справы — спачатку далучылася да садовай брыгады, затым – да паляводчай. Нараўне з дарослымі грэбла і насіла сена, жала жыта, апрацоўвала лён.


Толькі самымі добрымі словамі ўспамінае сёння жанчына пра першага старшыню калгаса імя Тэльмана Васіля Іванавіча Казачэнку.


–Як бацька быў, — кажа. — І справамі пацікавіцца, і параду дасць, і падтрымае ў цяжкую хвіліну, дапаможа… Вялікай душы чалавек. І кіраўнік празорлівы, мудры.


Гэта ён, дарэчы, прыкмеціў у дзяўчыне асаблівую стараннасць і працалюбства і беспамылкова вызначыў, што з яе атрымаецца выдатная даярка. Сам прывёз на ферму, якраз у час абедзеннай дойкі — за справу! І як ні адмаўлялася маладая калгасніца, а ў сваім пераканаў. І не памыліўся – самых высокіх паказчыкаў дабівалася. Пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва 1973 года прызнана, адзначана ўрадавай узнагародай —  ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.


Але колькі давялося патраціць уласных сіл і здароўя, выцерпець болю ў руках і праплакаць начэй, каб уцягнуцца ў гэтую работу, – вядома толькі ёй. Дома ўсё-такі адна карова, а тут іх васемнаццаць, і ўсіх патрэбна выдаіць уручную, не раз за дзень. Вельмі цяжка.


–Прычым дысцыпліна, — узгадвае Яўгенія Паўлаўна, — была самая строгая: у памяшканне для жывёлы заходзілі ўсе разам, у вызначаны час, у перыяд дойкі – ніякай размовы, нікога чужога. Усе заняты толькі працай, за ходам справы ажыццяўляўся належны кантроль. Але ж і вынік быў адпаведны.


Вось толькі, калі з’явілася дзіця (у канцы саракавых Яўгенія Паўлаўна выйшла замуж), стала значна цяжэй. Пачаліся спазненні на работу, ад загадчыка фермы пасыпаліся заўвагі. Але старшыня калгаса аднёсся да сітуацыі з разуменнем – маладую маці наказаў не крыўдзіць, ісці насустрач. А калі сям’я купіла каляску, загадчык ужо і сам з задавальненнем, бывала, забаўляў немаўля, з якім даводзілася ісці на ферму.


Вось так, штодзённа і без выхадных, шчыравала ажно сорак пяць год, каля дваццаці з якіх – без даільных апаратаў. Такім жа адданым роднай гаспадарцы заставаўся і муж. У вёсцы Тэльман выхавалі пяцярых дзяцей, пабудавалі прасторны дом.


Журботна  толькі, што бяда нават у мірны час не абмінула яго парог: пайшлі з жыцця ў маладым узросце два сыны і дачка,  Уладзімір Дзямідавіч стаў інвалідам.
Але, нягледзячы ні на якія цяжкасці і выпрабаванні, яны гэтак жа разам — у радасці і горы, клопатах і хваляваннях. Добрасумленнай працы (цяпер ужо, праўда, толькі  на ўласных сотках і падворку), якая робіць ніву шчодрай і багатай, а чалавека  — сапраўдным творцам і гаспадаром на Зямлі.


В. БЕЛЬЧАНКА
На здымку: Яўгенія Паўлаўна побач са сваім мужам Уладзімірам Дзямідавічам.
Фота В. ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ