СТЫЛЬ ГАСПАДАРАННЯ НЯЗМЕННЫ – УДАСКАНАЛЬВАЦЦА, ПЛЁННА ПРАЦАВАЦЬ, БРАЦЬ НОВЫЯ ВЫШЫНІ

Сельское хозяйство


ПАСЯЎНАЯ ЯШЧЭ НЕ ЗАКОНЧАНА,


А ДЫРЭКЦЫЯ ЎЖО ПРАПРАЦОЎВАЕ ШЛЯХІ ЗБЫТУ ЗЕРНЕВЫХ


Узгадваць сусветны крызіс сёння не хацелася б, тым больш, што аграрыі думаюць пра яго менш за ўсё, але ж падзеі, якія адбываюцца ў эканоміцы іншых краін і аказваюць уплыў на нашу, у нейкай ступені высвятляюць і хібы ў сістэме гаспадарання, што мелі месца. Ва ўсякім разе, думаць аб тым, куды збыць сваю прадукцыю, сельгасвытворцам раней не даводзілася. Зараз, як прызнаўся дырэктар КСУП «Брагінскі» Анатоль Іванавіч Хадасок, яны ўжо пралічваюць, з кім заключыць дагаворы на пастаўку вырашчанага збожжа. У сакавіку прадалі зерня ўраджаю-2008 на 300 мільёнаў рублёў, папоўнілі казну прадпрыемства. Галоўнае, было б што прадаваць. Яго асабліва не засмучае тое, што прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Палескія сыры» задаўжала «Брагінскаму» больш мільярда рублёў. Яны ёсць, гэтыя грошы, сумленна заробленыя, у рэшце рэшт, перапрацоўшчыкі разлічацца, гэта – усяго толькі рабочыя моманты. Яны не павінны выбіваць з каляіны, усё роўна, каб існаваць і развівацца, неабходна нарошчваць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі.


Што датычыцца пасяўной, яна ідзе, як і запланавана, хуткімі тэмпамі, аб чым сведчаць аператыўныя даныя дыспетчарскай службы райсельгасхарчу. Галоўны аграном Ю.Г. Ясінскі сакрэты высокіх ураджаяў ведае, адзін з іх – якаснае насенне перспектыўных сартоў, таму і кладзецца ў глебу адборнае элітнае зерне, якое часткова закупілі ў агракамбінаце «Сноў». Дарэчы, супрацоўніцтва з перадавой у рэспубліцы гаспадаркай доўжыцца другі год, сёлета набылі там 15 тон ячменю «дзівосны». Выбраць было з чаго: «Сноў» займаецца вырошчваннем азімай пшаніцы і трыцікале, ячменю, якіх высявае па 6-8 сартоў як айчыннай, так і замежнай селекцыі. Брагінцы купляюць толькі тое, што падыходзіць ім.


Набылі і элітнае насенне трыцікале «вальтарыо», а з Доўска прывезлі «прадо» гэтай жа культуры. Сваю «дубраву» беларускай селекцыі першай рэпрадукцыі размясцілі таксама, прычым, усе сарты — на адным агратэхнічным фоне, каб восенню ацаніць іх вартасці і спыніцца на тым, які апраўдаў надзеі і затраты.


А ў бліжэйшай перспектыве – апрабуюць на брагінскіх землях азімыя трыцікале і пшаніцу іншых сартоў, менш патрабавальных і больш ураджайных нават на лёгкіх глебах. У 2010 годзе пасеюць авёс «юбіляр» так званага голазерневага тыпу, які мае меншую плёначнасць і па ўтрыманню пажыўных рэчываў пераўзыходзіць іншыя сарты.


У гаспадарку мы прыехалі ў суботу, 4 красавіка, ішоў якраз тэхагляд, і хаця на гадзінніку не было яшчэ 9.00, частка тэхнікі ўжо пакінула мехдвор і працавала ў полі. Вялася, акрамя іншых работ, і падрыхтоўка глебы пад сяўбу кукурузы. Каштоўнасць «каралевы палёў» ацанілі даўно, таму і зойме яна 1080 гектараў. Перавагу аддадуць насенню беларускай селекцыі, чатыры сарты яго закупілі, перспектыўных і ўраджайных, бо французскай не хапіла летась цеплыні. Рызыкаваць больш не хочуць.


ПРА «ЯГУАР» І «МАШЫНУ-ВЕРТАЛЁТ»


Удасканаленню межаў няма, у гэтым пераконваешся, калі знаёмішся з той тэхнікай, якая прыйшла на палі сельгаскааператыва і яе тэхнічнай характарыстыкай. Памятаю, гады два назад на справаздачным сходзе, калі падводзілі вынікі работы за год і аналізавалі фінансава-эканамічнае становішча гаспадаркі, старшыні калгаса (на той момант гэта яшчэ быў калгас) з залы задалі пытанне: «А знакаміты «Ягуар» мы купіць можам?», на што А.І. Хадасок сумленна прызнаўся, што такая тэхніка ім пакуль не па кішэні. Сёння яна стаіць у механічнай майстэрні, больш таго, механізатар, якому пашанцавала на ёй працаваць, ужо прайшоў падрыхтоўку. Гэта Уладзімір Іванавіч Рэбка. У час нарыхтоўкі кармоў «Ягуар» заменіць тры КЗРы, да таго ж ён укамплектаваны ёмістасцю для ўнясення кансервантаў. Дадаткова набудуць да яго граблі, жняярка кукурузная і падборшчык ёсць.


Вырошчваючы столькі кукурузы, павінны мець і адпаведную тэхніку. «Ягуар» пры ўборцы здрабняе зярнятка кукурузы, якое потым лепш кансервуецца і захоўваецца.


Як толькі з’явяцца ўсходы, на поле выйдзе «машына-верталёт», як жартам празвалі штангавы апрысквальнік “Раса” для хімпраполкі пасеваў беларуска-расійскай вытворчасці. Апрацоўвае за дзень плошчу ў 200 гектараў, а расход дызпаліва на гектары – усяго 200 грамаў. Яго можна прымяняць і для ўнясення вадкіх мінеральных угнаенняў. Перавага апрысквальніка ў тым, што ён выпушчаны на гумавых колах, хімахоўныя работы праводзіць незалежна ад стану глебы, нават калі яна вельмі пераўвільготнена. Такіх на ўзбраенні сельгасвытворцаў рэспублікі пакуль адзінкі, у свабодным продажы няма, але ж кіраўніцтва КСУП “Брагінскі” змагло знайсці агульную мову з адміністрацыяй прадпрыемства, якое закупляе ўнікальныя машыны. І хаця ўзначальвае яго бразілец па нацыянальнасці, тым не менш кантакт з ім знойдзены і ўстаноўлены.


Пасяўны агрэгат “Квернеланд” нямецкай вытворчасці ў счэпцы з трактарам “Атлес” фірмы КЛААС засявае штодзённа па 60-70 гектараў. А падуладна гэтая тэхніка рукам Аляксандра Васільевіча Нікіценкі.


Ён у рабоце не адзін, другі, з актыўнымі рабочымі органамі, але ўжо французскай вытворчасці, у счэпе з трактарам МТЗ1523 умела эксплуатуе Аляксандр Фёдаравіч Дзегцярэнка. Яго дзённая выпрацоўка – 20-25 гектараў. Плануюць набыць агрэгат з пасіўнымі органамі і шырынёй захопа 6 метраў. Пакуль выкарыстоўваюць трохметровы.


Да слова, культыватары сваё ўжо адпрацавалі, іх памыюць і паставяць на захоўванне, бо на парадку дня іншыя работы. Механізатары заняты падрыхтоўкай корма-і зернеўборачнай тэхнікі. Пасяўная-2009 ужо, можна лічыць, пройдзены этап на шляху да будучага ўраджаю, падмурак якому заклалі трывалы.


ПОЛЕ — ФЕРМА. ЗБОЯЎ НЕ ПАВІННА БЫЦЬ


Працоўнае напружанне на палях у час веснавой кампаніі – толькі адно са звёнаў адладжанага механізма ў цыклічным працэсе вытворчасці. Пасеялі для таго, каб сабраць ураджай, частку якога рэалізаваць, частку – скарміць жывёле і атрымаць малако і мяса. Нарошчваць дойны статак будуць і далей, малочная жывёлагадоўля – самая прыбытковая, нават у часы крызісу. Не толькі зерневыя і зернебабовыя сеюць механізатары, і восенню, і зараз ствараюць выпасы з наборам шматкампанентных траў адразу каля ферм. Такіх ужо маецца 435 гектараў. Завяршаецца падкормка азотнымі ўгнаеннямі зерневых, рапсу, шматгадовых траў, лугавых угоддзяў, каб атрымаць два паўнацэнныя ўкосы.


Прыжылася на палях “Брагінскага” і пайза, якую падсяваюць не менш як на 100 га. Пасля ўборкі першага ўкоса на сянаж яна дае добры ўраджай атавы, практычна кароў можна пасвіць да кастрычніка і атрымліваць малако. Сеяць пайзу будуць у маі.


Н. СІНІЛАВА


На здымках: новая тэхніка радуе.


Фота В. ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ