УПЭЎНЕНЫЯ Ў СВАІХ СІЛАХ І МАГЧЫМАСЦЯХ

Сельское хозяйство

Пасяўная-2009


Без перабольшвання можна сказаць, што хлебаробы КСУП “Пераможнік” даражаць сваім сялянскім гонарам, умеюць вырошчваць высокія ўраджаі сельскагаспадарчых культур. Нягледзячы на перашкоды надвор’я, матэрыяльна-тэхнічныя цяжкасці.


У галоўнага агранома гаспадаркі Сяргея Вячаслававіча Карпенкі цяпер працоўны дзень пачынаецца з планёркі ў кабінеце дырэктара, дзе вырашаюцца надзённыя пытанні. Пасля накіроўваецца аграном на машынна-трактарны двор. Тут ужо  сабраліся механізатары, каб перад выхадам у поле агледзець тэхніку,  зрабіць наладку агрэгатаў.


–Як сцвярджаюць вопытныя тэхнолагі, усё пачынаецца з поля, — гаворыць Сяргей Вячаслававіч. –Наколькі яно будзе ўраджайным, настолькі стануць адчувальнымі вынікі ў жывёлагадоўлі. Таму сяўба для нашых хлебаробаў – заўсёды адказны і напружаны час. У нас ёсць усе сілы і магчымасці закласці трывалы падмурак новага ўраджаю. Перазімавалі азімыя культуры нядрэнна. Толькі дзе-нідзе былі пашкоджаны снежнай цвіллю жыта і трыцікале. Таму ў час падкармілі азімыя, і перасяваць не давядзецца. Мінеральнымі ўгнаеннямі забяспечаны ў дастатковай колькасці. Працягваем уносіць і арганіку.


Селета ў “Пераможніку” запланавана пасеяць з ранніх яравых зерневых 48 гектараў аўса, 120 – ячменю, 60 – пшаніцы, 83 – зернебабовых, у тым ліку 152 – адналетніх. Нядрэнны ўраджай дае на мясцовых палях і проса. Насеннем забяспечаны на 100 працэнтаў. У Рэчыцкім раёне закупілі французскі ячмень гатунку “стратус”, пшаніцу “дар’я”, зернебабовую эліту. У зямлю лягло зерне аўса першай рэпрадукцыі “юбіляр”.


За апошні час машынна-трактарны парк папоўніўся сучаснай  тэхнікай. Атрымалі два энерганасычаныя трактары, пасяўны агрэгат нямецкай вытворчасці, плугі, агрэгат для дыскавання, дзве нямецкія касы.


Як толькі з’явілася магчымасць выводзіць тэхніку ў поле, першым выехаў механізатар Сяргей Рыгоравіч Сідарок. На новым трактары “Беларус-3022” і новай сеялкай хутка і якасна пасеяў авёс.


Выдатна працуе на падрыхтоўцы глебы Сяргей Мікалаевіч Катлярэнка. Летам атрымаў “Беларус-3022” і Міхаіл Іванавіч Дарошчанка. На яго рахунку – каля 200 гектараў успаханай глебы. На мінулым тыдні прыступіў да дыскавання на новым агрэгаце  Віталь Віктаравіч Назаранка. Тэхнікай механізатары задаволены, у такі напружаны час яна не ведае прастояў.  Вялікі вопыт работы хлебаробаў дазваляе ім дабівацца высокай выпрацоўкі, паспяхова спраўляцца з даведзеным заданнем.


У гэтыя дні займаюцца падрыхтоўкай глебы пад кукурузу. У гаспадарцы яе будзе пасеяна на зерне 140 гектараў, на зялёную масу – 520.  
Падкормка азімых зерневых, сенажацяў і пашаў даверана Мікалаю Іванавічу Дарошчанку і Віктару Фёдаравічу Надтачэю. Кожную вясну яны якасна і ў аптымальныя тэрміны выконваюць гэтыя работы. Падсевам шматгадовых траў займаецца Іван Іванавіч Шаўчэнка. Адным словам, цяпер усе работы вядуцца ў комплексе. І тут галоўнае — не прамарудзіць.


І кіраўніцтва гаспадаркі, і прафсаюзная арганізацыя стараюцца стварыць неабходныя ўмовы для правядзення вясенняй кампаніі. Распрацаваны і дзейнічаюць меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання ўдзельнікаў пасяўной. Хлебаробы азнаёмлены з нормамі выпрацоўкі, расцэнкамі. Каб не губляць час, у сельгаспрадпрыемстве паклапаціліся аб тым, каб наладзіць харчаванне людзей у полі. І сёння кожны думае не толькі аб тым, колькі ён заработаў за дзень, а і аб будучым ураджаі, так як яго праца будзе аплочвацца па канчатковаму выніку.


Т. ЦІШКЕВІЧ
Фота В. ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ