НЕ ЗГУБІЦЬ МІЛЬЁНЫ

Сельское хозяйство

У сувязі са спякотным надвор’ем некаторыя гаспадаркі раёна ў апошнія дні знізілі вытворчасць малака, пагоршылася і яго якасць. Хаця да гэтага наш раён лідзіраваў у вобласці.


Як паправіць становішча і ўтрымацца на заваяваных пазіцыях? Гэтае пытанне разглядалася ў сераду ў час нарады, якую правёў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.В. Хмелянок.


— Спецыялістам раённых службаў і  гаспадарак неабходна ўзмацніць кантроль за работай жывёлаводаў, — адзначыў Валянцін Валянцінавіч. – Галоўнае, каб дойная карова была добра накормлена. Нягледзячы на тое, што жывёла пасвіцца на якаснай пашы, у рацыёне павінна быць зялёная маса, мінеральная падкормка, канцэнтраты (не менш 300 грамаў на літр малака). У летнім лагеры – салома, якой сёлета хапае ў кожнай гаспадарцы. Немалаважным з’яўляецца і догляд за пашай.


Узмацніць кантроль за якасцю малака, асабліва ў спякотныя дні,  – гэта патрабаванне часу. Бываюць выпадкі, што з-за сваёй абыякавасці мы губляем мільёны.
У сельгаспрадпрыемствах пачалася падрыхтоўка памяшканняў да зімоўкі. Але не ва ўсіх з іх аднолькавы тэмп работы. А час бяжыць хутка. 
Начальнік сельскай гаспадаркі і харчавання спыніўся таксама на санітарным стане тэрыторый.


— Навесці парадак – наша з вамі задача. Тым больш, што бягучы год аб’яўлены Годам роднай зямлі, — падкрэсліў В.В. Хмелянок.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Пакінуць адказ