РОСТ ЁСЦЬ, АЛЕ ПАТРЭБНА ДАБІВАЦЦА БОЛЬШАГА

Экономика

На чарговым семінары, які прайшоў на базе КСУП  “Пераможнік”, былі падведзены вынікі работы жывёлаводаў за пяць месяцаў бягучага года.


РАБОТУ ўдзельнікі сенінара пачалі з наведвання жывёлагадоўчых памяшканняў. Дырэктар гаспадаркі В.І. Протчанка расказаў аб планах і задумах, якія неабходна рэалізаваць. Многа зроблена за апошні час, асабліва сёлета, у Год роднай зямлі. Наведзены парадак на тэрыторыі, разбіты клумбы, высаджаны  кветкі, каля фермаў зелянеюць газоны. Стала прыгожа і ўтульна. Створаны адпаведныя ўмовы для працы і адпачынку. Нядаўна адрамантавалі Дом механізатараў. Тут ёсць кабінеты па тэхніцы бяспекі, фельчара, дыспетчарская. У плане – абсталяванне працоўнага месца інжынера і многае іншае.


Калісьці на комплексе па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы ўтрымлівалася 6 тысяч галоў. Цяпер – трэцяя частка ад гэтай колькасці. З цягам часу памяшканні прыйшлі ў непрыгоднасць. Павелічэнне пагалоўя, дойнага статка запатрабавала рэканструкцыі – аднаўляюцца старыя будынкі. На Зарачанскай малочнатаварнай ферме вядзецца рамонт  кароўніка, разлічанага на бяспрывязнае ўтрыманне. Для эканоміі электраэнергіі набываюць шыфер, які прапускае святло. Зусім хутка пяройдуць у адрамантаванае памяшканне, у якім будзе ўтрымлівацца дойны статак і жывёла лімузінскай пароды. Патрэбна адзначыць, што ў гаспадарцы адпрацавана тэхналогія вырошчвання і адкорму буйной рагатай жывёлы. Комплекс камплектуецца ў асноўным за кошт уласнага маладняку, атрыманага ад кароў і цялушак. Толькі на першым перыядзе 532 галавы. Частка з іх утрымліваецца ў летнім лагеры, а калі спякотнае надвор’е, знаходзіцца ў хляве. У  рацыёне — усё неабходнае.


Гаспадарка год ад году нарошчвае аб’ёмы рэалізацыі прадукцыі і павялічвае прадуктыўнасць дойнага статка дзякуючы сістэмнай рабоце па адбору цялушак ад высокаўдойных кароў. Тут добра наладжана работа асемянатара. У гэтыя дні аператары машыннага даення ад кожнай каровы атрымліваюць па 17,4 кілаграма малака, што на 1,5 кг больш, чым летась за адпаведны перыяд.


Наведалі прысутныя таксама пашу з наборам многакампанентных траў.  Арганізавана пасьба з дапамогай электраагароджы, жывёла забяспечана вадой, соллю. Ад кожнай каровы  за пяць месяцаў бягучага года атрымана па 2120 кілаграмаў малака.
Пасля азнаямлення з арганізацыяй вытворчага працэсу ўдзельнікі семінара сабраліся на плянарнае пасяджэнне, каб падвесці вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за пяць месяцаў.


Як адзначыла начальнік планава-фінансавага аддзела райсельгасхарчу В.Р. Дзегцярэнка, прагнозны паказчык па вытворчасці сельгаспрадукцыі ўсімі катэгорыямі гаспадарак выкананы на 113%. Як і раней, асноўны цяжар нясе грамадскі сектар (117,8%). Менавіта ён забяспечыў прырост прадукцыі, у той час як насельніцтва справілася з ім на 92,4%.


Запланаванае заданне выканана ўсімі гаспадаркамі раёна. Найбольшы тэмп забяспечылі КСУП імя Жукава – 144,3%, “Дублінскі” – 130,5%, “Чамярыскі” – 128%, “Брагінка” – 121,6%, “Брагінскі” — 114,5%.


За чатыры месяцы атрымана чыстага прыбытку на суму 3053 млн рублёў пры рэнтабельнасці 33,7%, ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі —  прыбытак у суме 188 млн рублёў (у 2008-м – страты ў суме 83 млн руб.).


Прададзена прадукцыі на 10318 млн рублёў, ці 146% да ўзроўню мінулага года. Найбольш — КСУП “Малажынскі” – на  2126 млн рублёў (141%), “Брагінскі” – на 2124 млн рублёў (144%). Найвышэйшы рост да ўзроўню мінулага года забяспечаны ў КСУП “Брагінка” – 178%.


У сярэднім на аднаго чалавека рэалізавана прадукцыі на суму 7,2 млн рублёў, а ў КСУП “Брагінскі” – на 15940  млн (у 2,2 раза вышэй сярэднераённага паказчыка). У КСУП імя Жукава — толькі на 3,8 млн, што ў два разы ніжэй раённага і ў 4,2 – чым у “Брагінскім”.


Аналізуючы паказчыкі прадукцыйнасці працы, Валянціна Рыгораўна адзначыла, што на кожнага чалавека за чатыры месяцы ў сярэднім атрымана прадукцыі на суму 9 млн рублёў, а ў КСУП “Брагінскі” – на 19 млн, “Пераможнік” – 12 млн, “Чамярыскі” – 10,5 млн. Менш усіх – у КСУП імя Жукава (5,2 млн), “Дублінскі” (5,8 млн), “Камарынскі” (6,6 млн).


Аб тым, як працавалі жывёлаводы на працягу пяці месяцаў, расказаў намеснік начальніка сельскай гаспадаркі і харчавання М.А. Раманюк. Нягледзячы на тое, што ў цэлым прагнозны паказчык выкананы, па вытворчасці малака з запланаваным заданнем справіліся толькі чатыры гаспадаркі : “Брагінка”, “Брагінскі”, “Чамярыскі” і “Пераможнік”.


Галоўны спецыяліст па закупках і якасці сельгаспрадукцыі Н.М. Купрыенка спынілася на рэалізацыі малака, стратах, якія панеслі некаторыя гаспадаркі з-за продажу няякаснай прадукцыі.


Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.В. Хмелянок звярнуў увагу на такія пытанні, як падрыхтоўка тэхнікі, сушыльнай гаспадаркі, складоў да ўборкі зерневых, аховы пасеваў ад дзікіх кабаноў і іншае.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий