СЁННЯ ЭКЗАМЕНУЮЦЬ ПЕДАГОГІ, ЗАЎТРА — ЖЫЦЦЁ

Общество

Здаецца, толькі ўчора на школьных дварах гучалі пералівістыя трэлі званочкаў, а ўжо і да выпускнога балю рукой падаць. Развітанне з дзяцінствам, уступныя іспыты, дарослае жыццё… Пакуль жа яшчэ ў сценах школ ідзе праверка ведаў на трываласць.


З чаго пачынаецца лета для выпускнікоў? Вядома, з экзаменаў. Гэтыя чэрвеньскія дзянькі для вучняў 9-х, у тым ліку “штрых”, і 11-х класаў самая гарачая пара. За курс базавай агульнаадукацыйнай школы патрэбна здаць чатыры экзамены, сярэдняй – тры. І, нягледзячы на зразумелае хваляванне вучняў, свае гадавыя адзнакі яны ўсё-такі апраўдваюць. Як, напрыклад, Сяргей Дзегцярэнка з Брагінскай САШ – праверку ведаў па хіміі вытрымаў з поспехам. Заслужаная “дзясятка”! Па паведамленні галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі І.М. Пятрэні, адзін з кандыдатаў на пахвальны ліст.


У цэлым жа, атэстаты аб сярэдняй адукацыі сёлета атрымае 101 юны жыхар Брагіншчыны. Як сведчаць сабраныя даныя, 38% з іх плануюць прадоўжыць вучобу ў вышэйшых навучальных установах, 28% — у сярэдніх спецыяльных і яшчэ 29% — у прафесійна-тэхнічных вучылішчах. Пасведчанні аб заканчэнні базавай школы будуць уручаны 440 вучням, 32% з якіх збіраюцца паступаць у ССНУ і ПТВ. Пры гэтым у параўнанні з папярэднімі гадамі назіраецца большая зацікаўленасць моладзі так званымі рабочымі спецыяльнасцямі, аддаецца прыярытэт будаўнічай галіне.


Але ўсё гэта – уступныя іспыты, клопаты студэнцкіх будняў – потым, пасля першага дарослага балю. Выпускнога. Дванаццатага мая для ўсіх, хто пакідае школьныя сцены, на плошчы Леніна ў Брагіне (у 19.00) будзе наладжана раённае свята. З цёплымі словамі, віншаваннямі і наказамі, канцэртнымі нумарамі, развітальным вальсам. А потым – і ў родныя ўстановы. Не менш хвалюючыя і кранаючыя пажаданні настаўнікаў, бацькоў, сяброў. І, вядома ж, сустрэча світання, апошняга ў дзяцінстве і першага ў дарослым жыцці.


В. БЕЛЬЧАНКА
На здымку: на экзамене па матэматыцы ў Брагінскай САШ.



Добавить комментарий