АСНОВА ДАБРАБЫТУ — ПРАЦА

Общество

Фінансавая нестабільнасць у свеце прымусіла многіх перагледзець свае планы, метады і стылі работы. Галоўнае ў сучасных умовах гаспадарання – не толькі нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, але і знаходзіць новыя вектары супрацоўніцтва, каб пашыраць экспартныя магчымасці. Адпаведна, прадукцыя павінна быць канкурэнтаздольнай. Непасрэдна ў нашым сельскагаспадарчым раёне вялікія надзеі ўскладваюць на вырашчаны на палях ураджай: праца на зямлі ўсё-такі была і застаецца асновай агульнага дабрабыту. Пра гэта з гонарам гаварылася ў час сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама пад кіраўніцтвам Г.М. Бабрынёвай  з вяскоўцамі Сяльца. Але тэмай адзінага дня інфармавання не абмежаваліся. Свае пытанні можна было задаць прадстаўнікам самых розных службаў і структур: раённага вузла электрасувязі, падатковай інспекцыі, натарыяльнай канторы, землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы, аддзела ўнутраных спраў.


Чаму ў дамах па вуліцах Савецкай і Зялёнай ужо на працягу некалькіх дзён не “гаворыць” радыё, — цікавіла не аднаго чалавека. Але, як высветлілася, ні хто з іх не звярнуўся з заяўкай да дыспетчара. Незразумела, чаму. З’явіліся праблемы з электрасувяззю – тэлефануйце па нумары 108 ці 2-11-11, і імі зоймуцца адпаведныя спецыялісты. Начальнік РВЭС Я.В. Леўчанка паабяцаў вяскоўцам, што іх радыёкропкі будуць працаваць на наступны дзень. Сваё слова стрымаў. А не адкладвалі б праблему ў доўгую скрыню самі жыхары – ліквідавалі б непаладку і значна раней.


Даволі шырокім было кола пытанняў, адрасаваных загадчыцы дзяржаўнай натарыяльнай канторы Брагінскага раёна А.І. Валохінай. Якая будучыня маёмасных і жыллёвых  чэкаў і дзе можна аформіць завяшчанне, як абараніць сябе ад непрыемнасцей, набываючы дом,  і правільна заключыць дагавор куплі-продажу – усё выклікала ў прысутных шчырую зацікаўленасць. А каму патрэбна звярнуцца непасрэдна ў натарыяльную кантору – калі ласка: цяпер уся сістэма юстыцыі размяшчаецца ў адным будынку (вуліца Савецкая, 92). Гэта ўнесла свае зручнасці ў абслугоўванне грамадзян.


Навошта мы плацім падаткі і куды яны накіроўваюцца, палічыла неабходным растлумачыць вяскоўцам начальнік ІМПЗ В.М. Сукач.
Прынялі да ведама і паведамленне начальніка землеўпарадкавальнай службы У.Л. Кавальца: паслуга па афармленні землеўпарадкавальных спраў фізічным асобам, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, аказваецца бясплатна.


Шэраг пытанняў, адрасаваных прадстаўнікам інфармацыйнай групы чытачамі мясцовай бібліятэкі, датычыліся ў асноўным работ па добраўпарадкаванні вёскі і асвятлення вуліц. Але не ўсе з іх можна вырашыць станоўча, бо час дыктуе неабходнасць жыць па сродках. Жаданняў шмат, а магчымасці абмежаваны. Калі да гэтага дадаць спажывецкія адносіны, бяздзейнасць і апатыю – і ўвогуле воз не зрушыцца з месца. Ва ўсялякім разе, кожны можа ўнесці пасільны ўклад у навядзенне парадку на тэрыторыі свайго населенага пункта: скасіць траву, паставіць і пафарбаваць агароджу, пасадзіць кветкі…  І на душы пасвятлее. Адрасам агульных клопатаў, добрых спраў і гаспадарлівасці людзей павінна быць родная зямля.


БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий