ДА ГАЛОЎНАГА ЭКЗАМЕНУ ГАТОВЫ

Сельское хозяйство

У вяскоўцаў пачаўся адказны перыяд. Зернесушыльныя гаспадаркі прымуць першыя тоны новага ўраджаю. А пакуль не пачалося масавае жніво, ухіляюцца непаладкі, на якія ў час праверкі інжынерна-тэхнічнай службай райсельгасхарчу была звернута ўвага.


Па інфармацыі галоўнага інжынера райсельгасхарчу М.У. Свірыдзенкі, на сённяшні дзень гатоўнасць зернеўборачнай тэхнікі складае 96%. З 52 камбайнаў пакуль не адрамантаваны толькі два (КСУП “Брагінка” і імя Жукава). Раённы парк уборачнай тэхнікі папаўняецца кожны год.  У мінулым годзе па лізінгу атрымалі КЗС-1218 вытворчасці “Гомсельмаш” КСУП “Чамярыскі”, “Малажынскі”, “Брагінскі”. Выйшлі на хлебную ніву новыя КЗС-10К13 (з прыстаўкай для ўборкі рапсу) у КСУП імя “Жукава”, “Малажынскі” і КСУП  “Камарынскі”.


Сёлета да зернеўборачнай кампаніі набылі два камбайны КЗС-10 КСУП “Брагінка”, па аднаму КЗС-1218 — КСУП імя Жукава, “Чамярыскі”. Атрымалі па лізынгу КЗС-1212 КСУП “Брагінскі”, КЗС-1218 – КСУП “Чамярыскі”, КЗС-10 — КСУП “Пераможнік”. На днях паступіць новы камбайн КЗС-10 і ў КСУП “Малажынскі”.
На адвозцы зерневых задзейнічана 44 адзінкі тэхнікі. Нагрузка на адзін зернеўборачны камбайн у сярэднім па раёне складае 260 гектараў.


Што датычыць падрыхтоўкі зернеачышчальна-сушыльных комплексаў, то з 21-го поўнасцю гатовы да работы 19. 


На належным узроўні змаглі наладзіць рамонтныя работы ў такіх гаспадарках, як КСУП “Брагінскі”,  “Чамярыскі”, “Камарынскі”. Тут за тэхнікай замацавалі работнікаў, ды і інжынерная служба аднеслася да гэтай справы з усёй адказнасцю.


У ходзе рэйдавых праверак была звернута ўвага на склады — захаваць ураджай не менш важна, чым яго ўбраць. Перад пачаткам уборачнай усе яе ўдзельнікі прайшлі інструктаж па ахове працы і пажарнай бяспецы. Зернеўборачныя камбайны і зернеачышчальныя комплексы ўкамплектаваны сродкамі пярвічнага пажаратушэння.


Сучаснай  тэхнікі ў гаспадарках хапае, ёсць умелыя, працалюбівыя хлебаробы. Цяпер многае залежыць ад умення арганізаваць работу. Застаецца толькі пажадаць, каб аграпрамысловы комплекс раёна паспяхова завяршыў  важную сельскагаспадарчую кампанію.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Пакінуць адказ