ДЗЕ ЎЗАЕМАРАЗУМЕННЕ, ТАМ І ПОСПЕХ

Сельское хозяйство

Калі бываеш у гэтыя дні ў сельгаспрадпрыемствах раёна, адчуваеш раўнамерны працоўны рытм, нібы іх ніякім чынам не закрануў сусветны крызіс. Жывёлаводы стараюцца атрымаць як мага больш прадукцыі ў летне-пашавы перыяд. А для хлебаробаў галоўнае – своечасова і без страт убраць вырашчанае. Здавалася, што сёлета яны ў згаворы з надвор’ем. Толькі не стрымалася неба ў канцы мінулага тыдня – пралілося дажджом, але ненадоўга. Праз суткі зноў засвяціла сонца.


Калі на мінулым тыдні мы разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В.І. Балобанам наведалі самую паўднёвую гаспадарку нашага раёна – КСУП “Саўгас “Камарынскі”,  быў абедзенны час. К.С. Грыгаран частавала абедамі ўдзельнікаў уборачнай, якія  працавалі на зернескладзе і зернесушыльным комплексе ў вёсцы Кірава.



Адразу кінуліся ў вочы некалькі доўгіх рукавоў. Убачыўшы нашу зацікаўленасць, галоўны аграном А.А. Петруненка растлумачыў, што да зімоўкі яны рыхтуюць высакаякасны корм з азімага трыцікале. Ужо назапашана 140 тон. Сваёй плюшчылкі пакуль няма – карысталіся паслугамі ААТ “Брагінаграсэрвіс”.



Сёлетнія ўборачныя плошчы зерневых  і  зернебабовых  у  аб’яднанай гаспадарцы складаюць 2272 гектары. Пачалі жніво выбарачна. Атрымалі нядрэнны ўраджай рапса – 20,3 цэнтнера з гектара. А такая культура, як трыцікале, дала на іх нізкабальных землях у сярэднім амаль па 30 цэнтнераў. Цяпер убіраюць азімае жыта. Адначасова займаюцца адгрузкай зерня дзяржаве.



На 27 ліпеня ў гаспадарцы скошаны 501 гектар, намалочана 1328 тон збожжа. Ураджайнасць – 26,5 цэнтнера з гектара. Плануюць атрымаць ураджай не менш мінулагодняга.


На палях задзейнічана 9 камбайнаў і 10 адзінак тэхнікі на адвозцы зерня. Хлеб звычайна давяраюць убіраць адказным, добрасумленным людзям, якія душой хварэюць за справу. У гаспадарцы такіх многа. Не адно жніво не праходзіць без удзелу вопытных хлебаробаў М.К. Губара, У.У. Касцючэнкі, С.П. Пархамца, У.У. Леўчанкі. Убраўшы рапс, яны перайшлі на зерневыя. Не першы год лідарамі ў гаспадарцы з’яўляюцца І.У. Давідзенка, М.У. Екімовіч. Больш дзесяці ўборачных на рахунку М.М. Цімошчанкі і Ю.І. Казачэнкі. Толькі слоў падзякі заслугоўвае праца С.С. Музычэнкі, экіпажа ў складзе маладых камбайнераў А.С. Мішчанкі і І.А. Кляпца. На адвозцы зерня вызначаюцца В.Я. Бельчанка, С.В. Клімянок, С.Л. Юшчанка і многія іншыя.



Няма праблем з перапрацоўкай збожжа. Для ачысткі  зерня  выкарыстоўваюць комплекс у в. Краснае. А ўвесь цяжар прыняла айчынная зернесушылка СЗК-15, якая знаходзіцца ў в. Кіраве. Працуе яна на некалькіх відах паліва, у тым ліку і на мясцовых. З рання і да позняй ночы шчыруюць тут старшы аператар А.В. Пузырына і аператар А.М. Куц.



Не застаецца ў баку ад важных сельскагаспадарчых кампаній прафсаюзны камітэт гаспадаркі.


—Мы пастараліся зрабіць усё магчымае, каб забяспечыць хлебаробам адпаведныя ўмовы для працы, — адзначае П.П. Яшчанка, старшыня прафкама. — Акрамя гарачых абедаў, паклапаціліся і аб душавой. Удзельнікі ўборачнай забяспечаны спецвопраткай. Распрацаваны ўмовы спаборніцтва, меры матэрыяльнага заахвочвання. Рэгулярна падводзім вынікі.


Дзе ўзаемаразуменне, там і поспех. Таму і стымул для плённай  працы ёсць.


Т. ЦІШКЕВІЧ
Фота В. ПАЛЯШЧУК



Пакінуць адказ