ПАД МІРНЫМ НЕБАМ ЛУНАЙ, НАШ СЦЯГ

Общество

Мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусі і 65-й гадавіне вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў каля брацкай магілы воінаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. 


CТАРШЫНЯ раённага выканаўчага камітэта А.П. Ятчанка павіншаваў брагінчан cа святам, уручыў Ганаровую грамату аблвыканкама ветэрану вайны В.А. Нікалаенку, які і зараз займае актыўную жыццёвую пазіцыю, часта сустракаецца з моладдзю. Хто, як не самі ўдзельнікі баёў  могуць дакладна расказаць нашчадкам аб тым, што перажылі яны ў гады ліхалецця? І на гэты раз  Васіль Аляксандравіч падзяліўся сваімі ўспамінамі з прысутнымі.


Ветэраны – галоўныя героі Дня Незалежнасці. Кожнаму – за восемдзесят, а настрой ва ўсіх баявы, на тварах – усмешкі. Многія з іх дайшлі да Берліна, але найважнейшым ваенным дзеяннем Вялікай Айчыннай лічаць той, калі пачалася аперацыя «Баграціён», вызваленне родных вёсак і гарадоў.



Безумоўна, нашай краіне ёсць чым ганарыцца – беларускі народ унёс велізарны ўклад у справу барацьбы супраць захопнікаў. Цаною неймаверных страт ён абараніў  незалежнасць Айчыны. Мы ў неаплатным даўгу перад людзьмі, чые мужнасць і франтавое братэрства сталі прыкладам служэння ідэалам міру, дабра і гуманізму. І нам неабходна перадаваць будучым пакаленням праўду аб вайне, не дапускаць яе скажэння. Ад імя моладзі са словамі падзякі да ветэранаў звярнуўся Сяргей Даўгулявец.


Затым была абвешчаная хвіліна маўчання, да помніка леглі кветкі…



Музыка, песні, танцы, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, гандлёвыя рады – свята было распланавана да позняга вечара.  А чырвона-зялёныя стужкі, павязаныя членамі ГА «БРСМ» удзельнікам урачыстасці, нагадвалі аб вялікай значнасці Дня Незалежнасці.


В. ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий