ПАКЛІКАЛА ЗЯМЛЯ БАЦЬКОЎ

Общество

Усё лепшае бяруць дзеці ад бацькоў. Многія яшчэ  змалку пачынаюць пераймаць іх звычкі і захапленні. Павага да працы на зямлі, да людзей старэйшага пакалення ў першую чаргу перадаецца ад маці і бацькі. Усё гэта атрымала ў спадчыну Людміла Пятроўна Уласенка, брыгадзір комплекснай брыгады №4 МТФ “Рытаў” КСУП “Малажынскі”.


Нарадзілася жанчына ў Казахстане. Тут пазнаёміліся яе бацькі, якія прыехалі на цаліну ў 60-х гадах з Гомельскай вобласці. На летніх канікулах часта наведвала бабулю, якая жыла ў Рытаве. Вельмі падабаліся ёй гэтыя мясціны, часта ў Казахстане ўспамінала добразычлівых беларусаў. А ў 1997 годзе разам з дзецьмі (а іх у яе трое) пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Брагінскі раён. На радзіму вярнулася маці і брат з сям’ёй. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла Людміле Пятроўне дом, прапанавала работу. Так прадавец звязала сваё жыццё з сельскай гаспадаркай і працуе ў жывёлагадоўлі ўжо адзінаццаць гадоў.


Простая, шчырая, сціплая на словы, руплівая ў працы. Заслужыла  павагу сярод вяскоўцаў, знайшла агульную мову з калектывам, а ён падабраўся дружны, працавіты. Сярод вопытных аператараў машыннага даення  – Таццяна Рыгораўна Чарнянок. Добрых надояў дабіваюцца і  Вольга Пятроўна Цалуйка, Ала Леанідаўна Жук, прадстаўніца маладога пакалення Наталля Іванаўна Калясан. Слоў падзякі заслугоўваюць таксама пастухі Іван Васільевіч Краўчанка, Сяргей Васільевіч Дрозд. З пераводам статка на кругласутачную пасьбу  павялічыліся надоі. У гэтыя ліпеньскія дні жанчыны атрымліваюць ад кожнай каровы ад 14 да 17 літраў. Каб справіцца з выкананнем прагнозных паказчыкаў, неабходна нарошчваць аб’ёмы, змагацца за якасць прадукцыі. Пасля рэканструкцыі жывёлагадоўчага памяшкання, якая запланавана на бягучы год, набыццём новага халадзільнага абсталявання ёсць надзея, што будзе рэалізоўвацца малако толькі вышэйшага гатунку.


На здымку: брыгадзір комплекснай брыгады №4 МТФ “Рытаў” Л.П. Уласенка.


Фота Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий