ТРЫМАЮЦЬ ПЕРШЫНСТВО

Сельское хозяйство

Па  тэмпах жніва можна сказаць, што на Брагіншчыне пачалася масавая ўборачная. На хлебных нівах у гэтыя дні разгарнулася сапраўднае спаборніцтва. Гаспадаркамі раёна на 24  ліпеня з плана 13 353 гектары ўбрана 2793 гектары (20,9%), намалочана 9525 тон зерня новага ўраджаю. Сярэдняя ўраджайнасць складае 34,1 цэнтнера з гектара. А самая большая яна ў  КСУП “Чамярыскі” – 45,4.



На рахунку хлебаробаў КСУП “Чамярыскі” – 2431 тона зерневых і зернебабовых культур. Адначасова з уборкай займаюцца пастаўкай зерня ў лік дзяржзаказу. З запланаваных 1325 тон па прамых дагаворах ужо адпраўлена 1000. Акрамя таго,  рэалізоўваюць насенне рапсу, якога сёлета намалочана 740 тон. За тры дні чатыры экіпажы ўбралі 322 гектары. Сярэдняя ўраджайнасць склала 23 цэнтнеры з гектара.



Усё насенне праходзіць ачыстку на новым зернесушыльным комплексе, які атрымалі ў пачатку мінулай уборачнай. Працуе кругласутачна. Ужо перапрацавалі ячмень і рапс, цяпер ідзе жыта. Сучасная тэхніка мае магчымасць прапусціць за суткі да трохсот тон зерня. Даверылі яе старшаму аператару Івану Аляксандравічу Краўчанку. Дапамагае яму сёлета Андрэй Анатольевіч Кулажанка.


Не спыняецца работа ўсіх звёнаў уборачнага канвеера. Побач з вопытнымі хлебаробамі на палях у гэты гарачы час –моладзь. Кіраўніцтва ўпэўнена, што з іх удзелам справы на вытворчасці ідуць лепш, бо яна валодае не толькі прафесійнымі якасцямі, а і высокімі маральнымі прынцыпамі. Большасць з гэтых юнакоў – дзеці механізатараў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемства.



Нягледзячы на малады ўзрост, Міхаіл  Салдаценка ў КСУП “Чамярыскі” лічыцца вопытным механізатарам. Патомны хлебароб восенню закладвае падмурак новаму ўраджаю, а потым яго і ўбірае. Кожная уборачная для яго – і хвалюючы момант, і вялікае задавальненне. У гісторыю Брагіншчыны ўвайшоў героем жніва-2008. На яго рахунку – больш 2 тысяч тон зерня. Хлебароб умее пераадольваць цяжкасці і выходзіць пераможцам у бітве за хлеб. Гэтаму вучыць і свайго напарніка Дзяніса  Тарасенку, які таксама з любоўю адносіцца да тэхнікі, шчыруе з выключнай стараннасцю. Яны даражаць кожнай хвілінай. На іх працу прыемна паглядзець. Вабіць вока чысціня ўбранага палетка.


Майстру нівы разам з напарнікам поспех спадарожнічае і сёлета. Камбайнеры на КЗС-10К на 24 ліпеня намалацілі  660 тон зерня, убраўшы 182 гектары. Гэта самы лепшы паказчык у спаборніцтве маладых экіпажаў раёна.


На адвозцы заняты Рыгор Малочка, які перавёз больш 800 тон зерня. Яго заслугі вядомы не толькі сярод вяскоўцаў, а і ў раёне, вобласці. Ён не раз станавіўся пераможцам на жніве сярод маладых вадзіцеляў, удзельнічаў у абласных “Дажынках”. А ў мінулым годзе ў складзе маладзёжнай дэлегацыі вобласці наведаў г. Оршу, дзе адбыўся рэспубліканскі фестываль-кірмаш ”Дажынкі-2008”.


…Залацістым патокам сыплецца ў кузаў аўтамашыны духмянае зерне. Па ўсёй акрузе разліваецца ні з чым не параўнальны водар, які так знаёмы хлебаробу. Магчыма, ён і надае сілы кожнаму ўдзельніку ўборачнай, натхняе  на новыя перамогі.


Т. ЦІШКЕВІЧ 


 



Пакінуць адказ