ХЛЕБАРОБ – ІМЯ ЗЯМНОЕ

Сельское хозяйство

Па тэмпах уборкі зерневых у раёне лідзіруе КСУП ордэна Леніна “Брагінскі”. Ужо ў чацвер вечарам на зернеток паступіла першая тысяча тон зерня новага ўраджаю, а дакладней – 1208. Усяго пад зерневыя і зернебабовыя сёлета адведзена плошча ў 1893 гектары.


БІТВА за ўраджай пачынаецца не тады, калі паспявае хлебная ніва, а значна раней, у восеньскія, зімовыя дні, у час севу азімых, падрыхтоўкі і рамонту тэхнікі. Такая гаспадарлівасць дапамагае ў тэрмін правесці веснавыя палявыя работы. З нецярплівасцю чакалі механізатары час уборкі зерневых. І ўжо з першых дзён пайшлі на рэкорд. За суботу і нядзелю намалацілі 613 тон зерня. Вільготнасць — ад 16 да 20%, таму патрабавалася толькі невялікая дасушка. Затым дождж на некаторы час запаволіў жніво. А калі мы наведалі ў сераду гаспадарку, хлебаробы ўбіралі ячмень недалёка ад вёскі Сялец. Тут і кіраўнік А.І. Хадасок, і галоўны аграном Ю.Г. Ясінскі. “Як справы на хлебнай ніве? “ – пытаемся ў іх. І ў адказ чуем аптымістычнае: “Сёлетні ўраджай не ўступіць мінулагодняму. Плануем атрымаць 6500-7000 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 38-40 цэнтнераў з гектара”.


На ўборачнай задзейнічаны восем камбайнаў і чатыры аўтамашыны. Тэхніка амаль уся новая. Нядаўна атрымалі КЗС-1218, які даверылі маладому хлебаробу Дзмітрыю Жураву. У мінулым годзе ён быў камбайнерам, цяпер самастойна ўпраўляе “сталёвым” асілкам. Не першая сёлетняе жніво для Аляксандра Кацубы, вадзіцеля Дзяніса Кузакова. У сельгаспрадпрыемстве ведаюць, што  такая моладзь нідзе не падвядзе. Майстрамі сваёй справы з’яўляюцца патомныя хлебаробы Уладзімір Міхайлавіч Рэбка, Мікалай Аляксандравіч Дзегцярэнка, Уладзімір Уладзіміравіч Кузакоў, Мікалай Фёдаравіч Міроненка. На адвозцы зерня ў раённым спаборніцтве лідзіруюць Анатоль Уладзіміравіч Кацуба, Анатоль Ульянавіч Кацуба, Аляксей Аляксеевіч Палхоўскі. Пакуль жніво мае выбарачны характар. Спачатку ўбіраюць ячмень, які дае нядрэнны ўраджай. Нават на неўрадлівых участках даходзіць да 34,6 цэнтнера з гектара, на пясчанай глебе — да 40. Там, дзе пасеяны ячмень сорту “дзівосны”, намалоты дасягнулі 50 цэнтнераў. Добрыя віды і на авёс, пшаніцу і трыцікале.


— У чым сакрэт такіх намалотаў? – пытаемся ў тэхнолага палёў.


На гэта Юрый Гіляравіч адказвае:


—Патрэбна строга прытрымлівацца тэхналогіі. Зерневыя ў час атрымалі запраўку арганічнымі ўгнаеннямі, не прамарудзілі  з доглядам і падкормкай пасеваў. Многае залежыць і ад насення. Аддаём перавагу беларускай селекцыі. Эліту  купляем  у агракамбінаце “Сноў”. Прыжыліся на нашых землях польскія і нямецкія культуры.



Каб не перарываўся напружаны працоўны рытм, побач на полі дзяжурыць спецыяльная брыгада па тэхнічным абслугоўванні. Спецыялісты прама на месцы могуць ухіліць невялікія паломкі.


Кіпіць работа на зернесушылцы. Тут “гаспадараць” Раман Пятровіч Козел, Аляксандр Леанідавіч Буйневіч і Аляксандр Анатольевіч Хадасок.
Адначасова займаюцца адгрузкай збожжа пад дзяржзаказ, пакуль яшчэ рэалізоўваюць зерне мінулага года. А сёлета запланавана прадаць дзяржаве 1295 тон, з якіх жыта і трыцікале – 965, пшаніцы – 190, аўса – 50.


Следам за камбайнамі выходзяць на поле трактары з прэсамі. На прэсаванні саломы заняты пяць механізатараў. Не менш адказная работа на пагрузцы, звозцы і скірдаванні цюкоў. Тут задзейнічаны Аляксандр Віктаравіч Заранік, Мікалай Мікалаевіч Русак, Аляксандр Васільевіч Цярэшчанка, Анатоль Пятровіч Жыжэнка.



Добрых слоў заслугоўваюць і маладыя механізатары Аляксандр Чыкін, Андрэй Манецкі, Яўген Кузакоў і іншыя.


Пасля зерневых на гэтых участках пасеюць азімыя пажніўныя культуры. А там, дзе раней раслі аднагадовыя травы, на 400 гектарах пасеялі пайзу. Гэтая культура не баіцца засухі, дае добры ўраджай на нашай зямлі.


Для тых, хто заняты на корманарыхтоўцы і на жніве, арганізавана гарачае харчаванне, якое дастаўляецца два разы ў поле. На мехдвары працуе душавая, жадаючыя могуць наведаць сауну.


З кім у гэты дзень ні давялося размаўляць, усе настроены па-баявому. Ураджай паспявае добры, а значыць, і намалоты будуць важкія, заробак — высокі. Акрамя зарплаты, у сельгаспрадпрыемстве выплочваюцца прэміі, прадугледжана і натураплата. А лепшых працаўнікоў чакаюць яшчэ  грашовыя прэміі і падарункі на “Дажынках” у гаспадарцы і раёне, а камусьці – у вобласці, магчыма, і ў рэспубліцы.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий