ЗАЎСЁДЫ І ЎСЮДЫ ПАТРЭБНА БЫЦЬ ЧАЛАВЕКАМ

Общество

Ветэран працы Іван Кірылавіч Ецухно даўно на заслужаным адпачынку. З усіх эпізодаў свайго насычанага жыцця часцей успамінае гады маленства, якія супалі з ваенным ліхалеццем.


Іван Кірылавіч – ураджэнец вёскі Заходы Лельчыцкага раёна. У вялікай сялянскай сям’і (дзяцей было сямёра) ён быў шостым. Працавітыя бацькі прывівалі ім любоў да працы, сваёй зямлі, павагу да старэйшых.


Але спакойнае жыццё парушыла Вялікая Айчынная вайна. Многа гора прынесла яна ўсяму беларускаму народу, не абышла і сям’ю Ецухно. Івану тады было ўсяго адзінаццаць год, але ў памяці засталіся жудасныя карціны, якія і да гэтага часу не даюць спакою. Пайшлі на фронт бацька і старэйшы брат, ды так і не вярнуліся дадому. Бацька загінуў у канцэнтрацыйным лагеры, а брат — у Заходняй Украіне. Большых дзяцей забралі ў Германію. А ў 1942 годзе пасля цяжкай хваробы памерла маці, і Іван апынуўся ў Ельскім раёне, у цёткі. Здаецца, самае дрэннае ўжо ў мінулым…


І цяпер, праз столькі часу, чуюцца Івану Кірылавічу выбухі снарадаў, людскі плач. Спальвалі і расстрэльвалі жыхароў цэлымі вёскамі. У лесе, на балотах шукалі ратунку і старыя, і малыя.


Ажаніўся Іван Кірылавіч на суседскай дзяўчыне. Добрай, клапатлівай аказалася Еваліна Макараўна. Яе таксама не песціў лёс. За сувязь з партызанамі сям’я апынулася ў канцлагеры ў Брэсце. А вызвалілі іх байцы Чырвонай Арміі.


Доўгі час жылі ў Данецкай вобласці. Іван Кірылавіч працаваў на шахце “Паўночная” амаль 30 гадоў. Яшчэ з дзяцінства ўсвядоміў: заўсёды і ўсюды патрэбна быць чалавекам. Гэтаму вучыў і дачку.


Ветэран працы мае многа падзяк, Ганаровых грамат. На грудзях яго – ордэн Працоўнай Славы, два ордэны “Шахцёрскай Славы” 1 і 2 ступеняў, медалі.
Калі прыязджалі ў госці да дачкі ў Брагін, любаваліся палескімі краявідамі, пазнаёміліся з жыхарамі – шчырымі, адкрытымі людзьмі. Вырашылі пераехаць у гарпасёлак. Цяпер у іх асабісты дом, маюць невялікі прысядзібны ўчастак. І ні разу сям’я Ецухно не пашкадавала аб выбары месца жыхарства.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Пакінуць адказ