ЖНІВО ПАЧАЛОСЯ. У ДОБРЫ ЧАС, ХЛЕБАРОБ!

Сельское хозяйство

Па добрай традыцыі на Брагіншчыне перад пачаткам жніва праходзіць урачыстае свята “Зажынкі”. Дзякуючы работнікам  аддзела культуры і кіраўніцтву гаспадарак яно становіцца яскравым і запамінальным.


Своеасаблівае благаславенне на бітву за хлеб перад пачаткам галоўнага экзамена атрымалі хлебаробы КСУП “Чамярыскі”. Менавіта гэтая гаспадарка адна з першых у рэспубліцы і першай у вобласці пачала ўборачную кампанію-2009.


Удзельнікаў сёлетняй уборачнай вітала намеснік старшыні райвыканкама Г.М. Бабрынёва, якая пажадала ім моцнага здароўя, новых перамог і багатых намалотаў.



Парадавалі выступленнем сваіх землякоў артысты народнага ансамбля “Чарэмша”. На хлебную ніву з абрадавай песняй выйшлі жанчыны ў нацыянальных  касцюмах  — удзельніцы фальклорнага калектыву Бярозкаўскага сельскага клуба. Першы сноп, зжаты сярпамі і ўпрыгожаны яркімі каляровымі стужкамі, уручылі дырэктару гаспадаркі Г.І. Краўчанку. Генадзь Іванавіч выказаў шчырую падзяку механізатарам за іх самаадданую працу, адзначыў, што і ў гэтым годзе паспеў добры ўраджай, які дружны калектыў хлебаробаў павінен убраць хутка і без страт.



Беражліва і  з гонарам  прынялі караваі кіраўнік гаспадаркі, удзельнікі жніва. Няхай яны надаюць ім сілу і моц.


Доўгачаканая хвіліна настала. Магутныя сталёвыя камбайны-асілкі вывялі ў поле тыя, каму даверана адказная справа – уборка  новага  ўраджаю. З кветкамі правялі ў добры шлях хлебаробаў прысутныя. Першае зерне, зліваючыся ў раку, ляжа вялікім караваем на стол Радзімы.


Т. ЦІШКЕВІЧ


Смотрите фоторепортаж



Добавить комментарий