ПРЫЦЯГНЕННЕ ХЛЕБНАЙ НІВЫ

Сельское хозяйство

Сёлета  хлебаробам КСУП “Пераможнік” патрэбна ўбраць 1263 гектары зерневых і зернебабовых. На хлебнай ніве задзейнічаны чатыры экіпажы камбайнераў і столькі ж аўтамашын. На 7 жніўня скошаны зерневыя на 759 гектарах – 60,1% агульнай плошчы, намалочана 2489 тон зерня новага ўраджаю. Выканалі план па продажу збожжа дзяржаве.


У гаспадарку мы ехалі разам са старшынёй камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплекса Віктарам Іванавічам  Балобанам і галоўным аграномам упраўлення сельскай гаспадаркі і  харчавання  Пятром Іванавічам Бухаўцом з некалькімі місіямі. Самая прыемная з іх – павіншаваць кіраўніка Васіля Іванавіча Протчанку з юбілейнай датай – 50-годдзем з дня нараджэння. За добрасумленную шматгадовую працу і асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці пад цёплыя апладысменты  яму была ўручана Ганаровая грамата Гомельскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК.


Нельга  было не наведаць поле, азнаёміцца, як у гаспадарцы праходзіць жніво. У такую адказную пару заўсёды побач з камбайнамі — галоўны аграном Сяргей Вячаслававіч Карпенка. Разам з ім – малады спецыяліст Сяргей Міхайлавіч Гарошка. Пасля заканчэння Палескага дзяржаўнага аграрнага каледжа вярнуўся на радзіму і цяпер працуе аграномам-насенняводам.


—Сёлета мы разлічваем на добры ўраджай, — расказвае галоўны аграном – Ужо завяршылі ўборку ячменю, аўсу, яравых зернебабовых, а таксама азімага рапсу. Калі ў мінулым годзе сярэдняя ўраджайнасць гэтай культуры склала 17 цэнтнераў з гектара, то сёлета — 21. Праз некалькі дзён два камбайны з прыстаўкамі выйдуць на поле, каб убраць 40 гектараў яравога рапсу.


Следам за камбайнамі ідуць прэс-падборшчыкі, за якімі – трактары з плугамі. Праз дзень у падрыхтаваную глебу ляжа элітнае насенне азімага рапсу.
У сёлетняе жніво высокіх намалотаў дабіваецца экіпаж у складзе старшага камбайнера Мікалая Іванавіча Дарошчанкі і яго напарніка Віктара Фёдаравіча Надтачэя. Яны выдатна падрыхтавалі свой КЗС-10К да пачатку ўборачных работ, па-гаспадарску эксплуатуюць даручаную тэхніку. Таму і вынікі нядрэнныя  — 924 тоны намалочанага зерня. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у гаспадарцы.


Спорыцца праца ў Міхаіла Іванавіча Дарошчанкі і камбайнера Юрыя Сяргеевіча Каўцэвіча. На новым КЗС-10К, які атрымалі ў мінулым месяцы, намалацілі 882 тоны збожжа новага ўраджаю.


У мінулым годзе набылі такі ж камбайн, які даверылі Уладзіміру Аляксеевічу Боркіну і яго памочніку Аляксандру Іванавічу Несцярэнку. У склад чацвёртага экіпажа сёлета ўвайшлі Васіль Аляксеевіч Боркін і Дзмітрый Міхайлавіч Фралоў.


На адвозцы зерня ад камбайнаў лепшых паказчыкаў дабіваецца Міхаіл Міхайлавіч Іотчанка. На аўтамашыне МАЗ-5551 ён перавёз 1186 тон. Не адстаюць ад яго і Міхаіл Іванавіч Шаўчэнка, Васіль Васільевіч Карась, Мікалай Мікалаевіч Машкоўскі.


Не спыняецца работа і на зернесушыльнай гаспадарцы. Сёлета тут працуюць машыністы Георгій Дзмітрыевіч Камарэнка і Іван Пятровіч Зянько.
Для ўдзельнікаў жніва створаны ўсе ўмовы для пладатворнай працы. Перад ўборачнай прайшла вучоба па тэхніцы бяспекі. Распрацаваны ўмовы спаборніцтва, меры матэрыяльнага заахвочвання. Немалаважным з’яўляецца выкананне правілаў тэхнікі пажарнай бяспекі. Таму ў полі каля камбайнаў знаходзіцца бочка з вадой. Дакладна, у вызначаны тэрмін, дастаўляюцца гарачыя абеды. У канцы працоўнага дня хлебаробы маюць магчымасць прыняць душ.


У “Пераможніку” стараюцца падтрымаць тых, хто ўкладвае ў агульную справу ўсе сілы, веды і вопыт. Таму і людзі працуюць аддана, дэманструюць прафесіяналізм і майстэрства.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий