ХЛЕБАРОБЫ ІДУЦЬ НА РЭКОРД

Сельское хозяйство

Хуткімі тэмпамі праходзіць сёлета жніво. Здаецца, зусім нядаўна выйшлі на хлебную ніву камбайны, а ўжо ў рэспубліцы з’явіліся першыя “тысячнікі”. Прыемна адзначыць, што ў іх ліку – экіпаж з КСУП “Чамярыскі” ў складзе старшага камбайнера Ігара Мікалаевіча Салдаценкі і камбайнера Рыгора Іванавіча Галкі.


ПАВІНШАВАЦЬ з працоўнай перамогай герояў жніва прыехалі старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта А.С. Якабсон, старшыня раённага выканаўчага камітэта А.П. Ятчанка, намеснік старшыні райвыканкама Г.М. Бабрынёва. Разам з хлебаробамі ў гэтую гарачую пару і прафсаюзы: старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Л.В. Барабанаў, старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК М.І. Садчанка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.І. Балобан.



Ва ўрачыстых абставінах прама на полі гасцей і хлебаробаў віталі песняй народны ансамбль “Чарэмша”, а таксама кіраўнік гаспадаркі Г.І. Краўчанка. Дырэктар паведаміў, што ў сельгаспрадпрыемстве ўжо ўбрана палова плошчы, адведзенай пад зерневыя і зернебабовыя. Некаторыя культуры далі па 70-73 цэнтнеры з гектара. Ураджайнасць радуе: яна на 8 цэнтнераў вышэй мінулагодняй і склала больш 45,  валавы збор зерня павялічыўся на 30%. А ўвогуле, плануюць атрымаць не менш 10 тысяч тон. Да 100 цэнтнераў узрасце і ўраджайнасць зерня кукурузы. Гэта дазволіць выканаць прагнозныя паказчыкі, значна папоўніць касу гаспадаркі.


На пытанне губернатара аб тым, якая заработная плата працаўнікоў сельгаспрадпрыемства, Генадзь Іванавіч адказаў: “Сярэдняя за чэрвень складала 520 тысяч рублёў, за ліпень будзе больш мільёна.



—Мы ганарымся тым, што  Брагінскі раён дасягнуў значных поспехаў на ўборцы ўраджаю і што менавіта тут з’явіліся першыя “тысячнікі”, — адзначыў Аляксандр Серафімавіч. –Гэта невыпадкова. Хлебаробамі многа зроблена, каб павялічыць ураджайнасць. Ад імя абласнога выканаўчага камітэта віншую з працоўнымі дасягненнямі, жадаю новых перамог на рэспубліканскім узроўні.


Да цёплых слоў губернатара далучыліся ўсе госці. Ігару Мікалаевічу Салдаценку і Рыгору Іванавічу Галку, якія на камбайне КЗС-1218 айчыннай вытворчасці першыя ў рэспубліцы намалацілі тысячу тон зерня, былі ўручаны Ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі. Такія ж узнагароды атрымаў і Рыгор Малочка, які першым у раёне сярод маладых вадзіцеляў перавёз тысячу тон збожжа ўраджаю-2009. 



Фота на памяць – і зноў за працу. За новымі перамогамі. 


***


Калі рыхтаваўся матэрыял у нумар, стала вядома, што ў той жа дзень яшчэ два экіпажы камбайнераў са сваіх бункераў выдалі па тысячы тон збожжа. Гэта Васіль Кузьміч Сніцарэнка і Андрэй Іванавіч Краўчанка, маладыя хлебаробы Міхаіл Салдаценка і Дзяніс Тарасенка. На рахунку вадзіцеля Аляксандра Іванавіча Кудранка таксама першая тысяча перавезенага зерня.


Як адзначылі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання, на 31 ліпеня па намалотах  КСУП “Чамярыскі” не здае пазіцый. З запланаваных 1793 гектараў убрана 1015, атрымана 4576 тон, ураджайнасць склала 45,1 цэнтнера з гектара (па раёне – 34,6).


Т.ЦІШКЕВІЧ


На здымках: віншаванні прымаюць хлебаробы КСУП “Чамярыскі”.


Фота В. ПАЛЯШЧУК


 



Добавить комментарий