НАСЕННЕ – ТОЛЬКІ ПЕРШАЙ РЭПРАДУКЦЫІ

Сельское хозяйство

Хлебаробы  КСУП “Брагінскі” ў наступным годзе плануюць атрымаць ураджай зерневых культур не менш 40 цэнтнераў з гектара.


У гэтыя дні на сяўбе азімых лідэрства трымаюць працаўнікі палёў КСУП “Брагінскі”. Яны ўжо поўнасцю падрыхтавалі глебу, засеялі больш паловы запланаваных плошчаў. Азімае поле ў гаспадарцы сёлета займае 1150 гектараў.


—Кожны дзень нашы механізатары засяваюць не менш 60-70 гектараў, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Юрый Гіляравіч Ясінскі. – Таму асеннюю кампанію закончым без спешкі і ў агратэхнічныя тэрміны — да 20 верасня. Ужо пасеялі 600 га трыцікале, 170 – пшаніцы і 150 – на зялёны корм сумясі з азімым жытам і сурэпіцай. Апошняя культура, якую плануем пасеяць, – азімае жыта на зерне, пад яе адведзена плошча ў 630 гектараў.


З падрыхтоўкай насення асаблівых праблем не назіралася. Яны  ёсць у поўным аб’ёме. У мінулым годзе была эліта, сёлета атрымалі насенне першай рэпрадукцыі. Аддаём перавагу азімай пшаніцы беларускай сялекцыі “Прэм’ера”, жыту “Зуброўка”. А вось з трох сартоў трыцікале, якія спрабавалі вырошчваць на нашых палях, да спадобы польскі “Вальтарио”, насенне якога раней набылі ў “Снове”. На 560 га пасеялі азімы рапс “Лідэр”. Ён лепш за іншых родзіць на Брагіншчыне.


Вялікую ролю адыгрываюць сучасныя айчынныя і замежныя  высокапрадукцыйныя сеялкі і энерганасычаныя трактары, якія набываем. І, вядома, вопытныя механізатары. Сёлета на пасяўной задзейнічаны Аляксандр Васільевіч Нікіценка, Мікалай Мікалаевіч Рудзянок, Аляксандр Фёдаравіч Дзегцярэнка. Усю запланаваную плошчу на зялёны корм засеяў Аляксандр Віктаравіч Заранік.


Што датычыць мінеральных угнаенняў, то імі гаспадарка забяспечана на 100%. Хапае і тэхнікі для іх унясення. Нядаўна купілі новую машыну. На ўнясенні шчыравалі Рыгор Валянцінавіч Хадасок, маладыя механізатары Аляксандр Дзегцярэнка і Яўген Кузакоў.


З пратручваннем насення таксама затрымак няма. На пасевах выкарыстоўваем нямецкі  “Кинто До”. Набылі гербіцыд “Алістэр”, і з 15 верасня прыступім да выбарачнай праполкі азімай пшаніцы. Кожны аграном ведае: без гэтай аперацыі не зберагчы пасевы ад хвароб.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Пакінуць адказ