ПАХОД ПА МАГАЗІНАХ З…БАНКА

Общество

ці Як набываюцца айчынныя тавары ў пазыку


Ільготныя спажывецкія крэдыты – крок прадуманы і мудры. Ва ўмовах фінансавага крызісу гэта выгадна ўсім: для насельніцтва цудоўная магчымасць папоўніць ці абнавіць “хатні гардэроб” з мінімальнымі затратамі,  для прадпрыемстваў і краіны ў цэлым – разгрузіць склады і значна ажывіць рэспубліканскі тавараабарот. З такой мэтай прымаўся Указ №371 «Аб ільготным спажывецкім крэдытаванні», які ўступіў у сілу са жніўня бягучага года. Сутнасць прапановы – у магчымасці ўзяць пазыку ў банку тэрмінам да трох гадоў пад 10 працэнтаў гадавых і пусціць гэтыя грошы на набыццё тавараў айчыннай вытворчасці. У пералік уключаны бытавая тэхніка, мэбля, дывановыя вырабы, тэлевізары, камп’ютарныя маніторы, міні-трактары, ацяпляльныя катлы… Асартымент даволі шырокі. І, нягледзячы на тое, што дакумент рыхтаваўся ў мэтах падтрымкі малазабяспечаных жыхароў, разлічваць на льготны крэдыт могуць амаль усе беларусы. Права на яго атрыманне маюць  грамадзяне, у якіх сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям’і, вылічаны за тры апошнія месяцы,  не перавышае пэўнага ўзроўню — 1 163 800 рублёў. Пад гэтую планку трапляе звыш 80 працэнтаў сем’яў краіны.  А функцыі па выдачы такіх крэдытаў у нашым раёне ўскладзены на разлікова-касавы цэнтр №5 аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” і цэнтр банкаўскіх паслуг №306 філіяла №326 ААТ “АЗБ Беларусбанк”.


ЦІ ЁСЦЬ ПОПЫТ?


За перыяд дзеяння Указа нашы банкі заключылі з жыхарамі раёна 20 дагавораў на суму звыш 50 мільёнаў рублёў, 41,5 мільёна з якіх узялі 15 кліентаў Беларусбанка. Попыт, як бачна, невысокі. Чаму?
На думку спецыяліста першай катэгорыі службы рознічнага бізнэсу цэнтра банкаўскіх паслуг №306 Аксаны Міхайлаўны Бабранок, гэта можна растлумачыць жыццём многіх у доўг — людзі пагашаюць папярэднія крэдыты і эканомяць, стараюцца не браць новыя. На першага кастрычніка толькі тут налічваецца 1156 дзеючых дагавораў на 3,4 мільярда рублёў. І пераважную большасць складаюць менавіта на спажывецкія патрэбы. Высокая актыўнасць насельніцтва ў гэтым плане назіралася ў канцы 2007-га, калі стаўка такога крэдыту панізілася да 13 працэнтаў, і многія скарысталіся магчымасцю ўзяць пазыку на пяць год. Цяпер яшчэ, выходзіць, разлічваюцца.


ШТО  КУПЛЯЮЦЬ?


Самы папулярны аб’ект укладання крэдытных сродкаў з ільготнай працэнтнай стаўкай – мэбля  і халадзільнікі. На іх набыццё жыхары раёна накіравалі адпаведна каля 47 і 28 працэнтаў фінансаў, пазычаных у банках. Куды меншы попыт на тэлевізары,  DVD- прайгравальнікі,  пыласосы, мікрахвалевыя печы.
Часцей за ўсё бяруць грамадзяне на пакупкі  2—3 мільёны, нягледзячы на тое, што даходы дазваляюць і значна большыя памеры крэдытаў. Найвышэйшая сума, напрыклад, склала 4,5 мільёна. А вось максімальнай, у трыста базавых велічынь, пакуль што перавагу так ніхто і не аддаў.


ДА ВЕДАМА:


На ўсю працэдуру – ад падачы неабходнага пакета дакументаў у банк да  адкрыцця крэдытнай лініі (грошы пералічваюцца толькі ў безнаяўным парадку) – затрачваецца, як правіла, не больш трох дзён.


КОЛЬКІ ПЛАЦІЦЬ?


Каб атрымаць на тры гады 10-працэнтны спажывецкі крэдыт у максімальна магчымай суме — 10,5 мільёна, па падліках Аксаны Міхайлаўны, ваш  “чысты” даход (а гэта значыць без расходаў на камунальныя плацяжы, падаткі, выплаты іншых крэдытаў і г.д.) павінен складаць 800 тысяч рублёў. У гэтым выпадку вы будзеце ў сярэднім штомесяц уносіць 387 500 рублёў.
Для параўнання: на такі ж тэрмін указаную суму спажывецкага крэдыту на агульных умовах (пры гадавой стаўцы  21%)  можна атрымаць з “чыстым” даходам у адзін мільён. Штомесячныя выплаты тады складуць прыкладна 484 тысячы.


ЯК  АРГАНІЗАВАНЫ ГАНДАЛЬ?


Па паведамленні намесніка старшыні праўлення Брагінскага райспажыўтаварыства Надзеі Барысаўны Кукрак, гандаль беларускімі таварамі, што належаць ільготнаму крэдытаванню, наладжаны ў 23-х магазінах раёна. Набыць можна прадукцыю ААТ “Гарызонт” і РУВП “Віцязь”, ЗАТ “Атлант”, адкрытых акцыянерных таварыстваў СП “Брэстгазаапарат”, «Брэсцкі радыётэхнічны завод”, «Электраапаратура» (Гомель), «Мотавела», «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста», іншых айчынных вытворцаў. Практыкуецца работа па індывідуальных заяўках. Так што пры жаданні кліент можа купіць на месцы і міні-трактар, і прычэп, і ацяпляльны кацёл — усё даступна. Спіс вызначаных  беларускіх тавараў таксама не схаваны ад пакупнікоў.


ДАРЭЧЫ:


Як павысіць прывабнасць ільготнага спажывецкага крэдытавання – над гэтым пытаннем яшчэ будуць разважаць. Чакаецца, што ў перспектыве ў пазыку можна будзе купіць і адзенне, і абутак – спіс тавараў беларускай вытворчасці плануецца пашырыць.


В. БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий