ДАЦЬ ЖЫЦЦЮ НАРМАЛЬНЫ ХОД

Общество

Дэкрэт Прэзідэнта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” прымусіў многіх зірнуць па-новаму на балючую праблему – сіроцтва пры жывых бацьках. Само жыццё падказала: у барацьбе з ёю патрэбна маштабная сацыяльная тэрапія, мэтай якой павінна стаць адаптацыя праблемных сем’яў да нармальных умоў жыцця. Рычагоў уздзеяння на нядбайных цяпер дастаткова. І ў першую чаргу — перавыхаванне працай, кампенсацыя  расходаў за знаходжанне іх дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні.


Аб тым, як выкарыстоўваюць свой шанц рэабілітавацца ў бацькоўскім статусе абавязаныя асобы, на гэты раз ішла размова  на базе КСУП “Чамярыскі”. Тут адбылося чарговае выязное пасяджэнне каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта №18 і камісіі па справах непаўналетніх, на якім зноў абмяркоўвалі праблемы, урэгулёўвалі спрэчныя пытанні, адкрыта гутарылі як з наймальнікамі, так і з гора-бацькамі.


А працаўладкавана ў сельгаспрадпрыемства чацвёра. Па водгуках кіраўніцтва, заўваг наконт траіх практычна няма – людзі не безнадзейныя. Хапіла б толькі сілы ўтрымацца над небяспечнай мяжой: калі чалавек завязвае са спіртным, то і жаданне выкрасліць сябе са спісу нядобранадзейных умацоўваецца. І кіраўніцтва такім грамадзянам заўсёды гатова  пайсці насустрач. Ці не доказ: адна з абавязаных асобаў, якая ўжо выплачвае рэшткі доўгу дзяржаве (дзеці сталі паўналетнімі), змагла ўвайсці ў дзясятку лепшых даярак раёна, яе сям’і выдзелілі добротны дом. У бліжэйшы час таксама будзе вырашацца пытанне аб вяртанні  бацькоўскіх правоў яшчэ адной жанчыне.


А вось з грамадзянкай А. сітуацыя адваротная: безадказнасць, прагулы, паступовы рух да бездані – і ўсё на глебе злоўжывання моцнымі напоямі. Ніякія меры і метады ўздзеяння так і не прынеслі жадаемага. У выніку адна асоба, маці васьмярых дзяцей, “цягне” ўніз працэнт спагнання з гора-бацькоў запазычанасцей – у гаспадарцы ён складае толькі 24%. З 13 чэрвеня 2007-га па 30 кастрычніка бягучага года грашовая сума, што належыць вылічэнню з нядбайнай, склала 25 065 590 рублёў, а вярнула яна дзяржаве толькі каля 4,5 мільёна. Даўгі ўсё растуць. Таму і вырашылі на пасяджэнні: яшчэ адно парушэнне працоўнай дысцыпліны – і грамадзянка будзе накіравана ў лячэбна-працоўны прафілакторый.


Некалькі панізіўся, дарэчы, і працэнт вяртання запазычанасцей абавязанымі асобамі ў  цэлым па раёне: планка ў параўнанні з кастрычнікам папярэдняга года зрушылася з 37,7 да 36,8%. Асноўная прычына — павелічэнне прагулаў. Супрацоўнікам міліцыі даручана ўзяць гэтае пытанне на асаблівы кантроль.


Абмеркавалі таксама стан работы па прафілактыцы злачыннасці сярод непаўналетніх. За дзевяць месяцаў закон  парушылі трое школьнікаў і пяцёра непрацуючых падлеткаў, на рахунку якіх восем злачынстваў (у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам назіраецца паніжэнне на 52,9%).


У прынятай пастанове былі вызначаны меры, накіраваныя на ўдасканаленне работы з праблемнымі сем’ямі, папярэджанне злачынстваў і правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі. Асноўны ўпор зроблены, як заўсёды, на прафілактыку.


В. БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий