ЛЕКАВЫ АЖЫЯТАЖ

Общество

Трохмесячны запас “змялі” за адзін дзень


Вірусныя інфекцыі гучна заявілі пра сябе раней звычайнага. У дадатак – “градус напружанасці” павышае інтэрнэт, з тэлеэкранаў  толькі і чуваць “пандэмія”, галоўнай тэмай размоў стала як абараніць сябе ад грыпу. І ўжо ў гарачку пачало кідаць аптэкі…


Як паведаміла загадчыца цэнтральнай  аптэкі   №72 Брагінскага раёна Таццяна Лявонцьеўна Рабцава, да сезоннага ўздыму захворванняў вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі падрыхтаваліся грунтоўна: аксалінавая мазь,  арпетол,  анаферон, рэмантадзін,  гропрынасін… У дастатковай колькасці яшчэ на 2 лістапада былі як супрацьвірусныя прэпараты, так  і гарачкапаніжальныя, супрацьзапаленчыя, абязбольвальныя сродкі. Але ўжо на наступны дзень за лічаныя гадзіны людзі раскупілі трохмесячны запас лекаў.  Хто б мог прадбачыць? Пік ажыятажу назіраўся з 15.00 да 18.00. Як жа задаволіць такі высокі попыт грамадзян на медыкаменты?



За апошнія дванаццаць дзён, па словах Таццяны Лявонцьеўны, у аптэку было дастаўлена пяць новых партый лекавых сродкаў. Але іх усё роўна не хапае — разыходзяцца хутка. Па інфармацыі вытворцаў, у бліжэйшы час на Гомельскі абласны аптэчны  склад  павінна  паступіць  30 000 упаковак рэмантадзіну, 50 000 – аксалінавай мазі, 25 000 – арпетолу, якія будуць размеркаваны на рэгіёны. Чакаецца, што чарговая партыя медыкаментаў у нашу аптэку паступіць на будучым тыдні (арыенціровачна – у аўторак). Пакуль жа работнікі вам могуць прапанаваць толькі імунастымулюючыя прэпараты (настойка эхінацэі, экстракт эхінацэі ў форме таблетак, імунал), адаптагены расліннага і жывёльнага паходжання, комплексы вітамінаў і мінералаў. Не ў дэфіцыце і засцерагальныя маскі.


На сёння работнікі аптэкі канстатуюць, што ажыятажны попыт на лекі, які назіраўся на мінулым тыдні, пайшоў на спад. Але праца без выхадных (субота: з 8.30 да 14.00, нядзеля: з 9.00 да 12.00) прадоўжыцца. У гандлёвай зале аптэкі вы можаце не толькі набыць медыкаменты ці атрымаць кваліфікаваную кансультацыю па пытаннях наяўнасці і прымянення лекаў, але і самастойна азнаёміцца з інфармацыяй, як засцерагчы сябе ад грыпу.



Таццяна Лявонцьеўна і яе калектыў, напрыклад, больш давяраюць старым, даўно правераным народным сродкам і вам таксама раяць не забываць пра часнок, лімоны, малінавае варэнне. А калі да гэтага яшчэ дадаць  добры настрой і пачуццё самавалодання, то і ўвогуле прафілактыка акажацца эфектыўнай.


Бывайце здаровыя!


В. БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий