РОДНАЙ ЗЯМЛІ ПРЫСЯГНУЎШЫ…

Общество

У працоўнай кніжцы Аляксандра Іванавіча Рудабельца толькі адзін запіс – у студзені 1977 года прыняты вадзіцелем у калгас “18 партз’езд”.


З таго часу прайшло больш трыццаці гадоў. Набытае майстэрства, добрасумленныя адносіны да справы дапамаглі яму заслужыць павагу і аўтарытэт у калектыве, сярод вяскоўцаў.


Нарадзіўся Аляксандр Іванавіч у вёсцы Аляксееўцы. Пасля заканчэння Крыўчанскай сярэдняй школы не падаўся ў горад, вырашыў працаваць у роднай гаспадарцы. Яшчэ з дзяцінства цягнула яго да тэхнікі, таму выбар прафесіі быў не выпадковы. Пасведчанне вадзіцеля атрымаў на курсах у Брагінскім ДТСААФ. Прафесійныя навыкі набыў у арміі, дзе давялося сесці за баранку аўтамабіля. Вярнуўся дамоў – і адразу ж у калгас.



Не цураецца ніякай работы. З самай вясны і да позняй восені шчыруе на сваім Газ-53: дастаўляе насенне да сеялак, адвозіць зерне ад камбайнаў, задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў… За якую справу ні бярэцца, выконвае якасна і ў тэрмін.


– Ад усведамлення таго, што цябе цэняць, працаваць хочацца яшчэ лепш, — прызнаецца Аляксандр Іванавіч. – Ды інакш і нельга, бо на вачах у сваіх землякоў.


Прозвішча А.І. Рудабельца добра вядома ў раёне. Не раз выходзіў пераможцам спаборніцтва сярод вадзіцеляў на перавозцы зерня. Некалькі апошніх гадоў з’яўляецца нязменным лідарам на жніве. І сёлета перавёз 1340 тон зерня на ўмоўную аўтамашыну і заняў першае месца. На раённых “Дажынках” атрымаў


Ганаровую грамату, прэмію. А колькі мае ўсіх узнагарод, ужо і не злічыць.


Т. ЦІШКЕВІЧ


На здымку: вадзіцель КСУП “Малажынскі” А.І. Рудабелец.



Пакінуць адказ