СПРАВУ БАЦЬКОЎ ПРАЦЯГВАЮЦЬ ДЗЕЦІ

Общество

На календары – лістапад. Ужо завяршылі асноўныя сельскагаспадарчыя работы працаўнікі сяла. Але ж яшчэ доўга будуць успамінаць хлебаробы і механізатары гарачую пару. Гэта яны, сельскія людзі, ведаюць, як ажывае пасля зімовага сну зямля, сагрэтая сонечнай пяшчотай, аб чым шэпча калоссе на зыходзе дня і як зіхаціць раса на світанні…


Калі ж хлебаробы цяпер могуць крыху адпачыць, то ў жывёлаводаў пачаўся зімова-стойлавы перыяд. Як звычайна, кожны дзень спяшаюцца яны на ферму, дзе іх чакаюць гадаванцы.



…Девяць гадоў крочыць знаёмай сцежкай на МТФ “Малажын”  Валянціна Рыгораўна Чарнянок. Яна  аператар машыннага даення. Была магчымасць застацца жыць і працаваць у горадзе. Валянціна закончыла Мазырскае вучылішча, уладкавалася на фабрыку вязальшчыцай. Але заўсёды цягнула дадому, і праз чатыры гады вярнулася ў Малажын. Два гады працавала загадчыцай цяпліцы, вырошчвала агуркі і памідоры. А калі маці пайшла на заслужаны адпачынак, перадала сваю групу кароў у надзейныя рукі Валянціны.


–Першы год вельмі цяжка было працаваць, — прызнаецца жанчына. –Здаецца, яшчэ з дзяцінства спасцігла ўсе таямніцы прафесіі, пасля заняткаў у школе хадзіла дапамагаць маці. А тут адразу 60 кароў…


Цяпер Валянціна Рыгораўна ведае характар рагуль, з пяшчотай адносіцца да кожнай. Гэтая любоў перадалася і двум яе сынам, якія з ахвотай дапамагаюць маці. Асабліва падабаецца ім выпайваць маленькіх цялят.


— Вельмі добра, што дзеці прывыкаюць да працы з маленства, — гаворыць Валянціна Рыгораўна. –Невядома, як складзецца іх лёс, але я ведаю, што за сыноў не будзе сорамна.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Пакінуць адказ