ЗАЎТРА Ў КРАМАХ – СУХІ ЗАКОН

Территория закона

Ці задумваліся вы, колькі можна было б пазбегнуць злачынстваў, пажараў, дэбошаў з трагічнымі фіналамі, захаваць сем’яў, калі б розум чалавека не занявольвала спіртное?.. За трывалае сяброўства з алкаголем расплачвацца даводзіцца самым дарагім: уласным здароўем, скалечаным лёсам, стратай блізкіх, а, бывае, і жыццём. Выключэнняў няма – заўсёды! Дык ці не час спыніць імклівы бег да пагібелі? Удумайцеся толькі ў некаторыя лічбы і факты.


У бягучым годзе супрацоўнікі Брагінскага  РАУС склалі 35 пратаколаў на грамадзян за продаж самагону, канфіскавалі больш васьмі тон самагоннай брагі. Да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў грамадскіх месцах у п’яным выглядзе прыцягнута больш 150 чалавек, за рэалізацыю спіртнога падлеткам – чацвёра і столькі ж (у тым ліку адна маці) — за ўцягванне ў распіццё алкагольнай атруты непаўналетніх. З 15 зафіксаваных на тэрыторыі раёна дарожна-транспартных здарэнняў 12 здзейснены вадзіцелямі ў нецвярозым стане, у выніку чаго тры чалавекі загінулі і шаснаццаць атрымалі траўмы.  На п’янай глебе здзейснена 4 злачынствы ў сферы сямейна-бытавых адносінаў, 15 грамадзян давялося накіраваць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. У нецвярозым стане затрымана 14 непаўналетніх.


Ці не доказ, што алкаголь – самы каварны і бязлітасны вораг? Ні аб якім спакоі на вуліцах, ладзе ў дамах, парадку на рабоце не можа быць і гаворкі, пакуль будуць напаўняцца шклянкі атрутай, якую можна набывать круглыя суткі, а ў свядомасці  саміх  грамадзян  трывала сядзець асацыяцыя “свята без бутэлькі – не свята”.


Каб паказаць перавагу здаровага ладу жыцця і абудзіць грамадзянскую ініцыятыву, аб’яднаць жыхароў Брагіншчыны ў супрацьстаянні залежнасцям, раённы выканаўчы камітэт у чарговы раз выступіў з прапановай правесці “Дзень цвярозасці”. Заўтра, 19 лістапада, продаж напояў з градусамі, у тым ліку піва, тонікаў, будзе забаронены ва ўсіх гандлёвых кропках, акрамя аб’ектаў грамадскага харчавання Брагінскага райспажыўтаварыства. Праблема п’янства і алкагалізму стане тэмай размоў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп з насельніцтвам. У бібліятэках раёна  плануецца арганізаваць тэматычныя выставы літаратуры. Увазе гледачоў у кіназале Брагінскага РДК будуць прапанаваны рэкламныя ролікі аб шкодзе алкаголю, курэння, наркотыкаў, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця.


Сям’я, працоўны калектыў, вучнёўскі клас – толькі  на такім узроўні антыалкагольныя  ідэі  могуць  стаць нормай  паводзін. Чым  больш  людзей будзе мець дачыненне да падобных мерапрыемстваў, тым мацнейшым стане грамадства ў барацьбе з гэтай праблемай. Дзень цвярозасці ставіць на мэце дапамагчы асэнсаваць вялікую сацыяльную каштоўнасць жыцця без алкаголю, які толькі губіць, знішчае самае каштоўнае, нараджае зло.


В. БЕЛЬЧАНКА


 



Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *